22 чэрвеня каля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан у парку імя Жылібера прайшла акцыя "Памяць", дзе купалаўцы прадставілі тэатралізаваную пастаноўку, прысвечаную генацыду беларускага народа.
У мерапрыемствах да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны прынялі ўдзел прадстаўнікі ўлады горада і вобласці, грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў, ветэраны, а таксама кіраўніцтва, супрацоўнікі і студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы.
Акцыя "Памяць" пачалася ў 23:00 у парку імя Жылібера. У падрыхтоўцы і правядзенні акцыі было задзейнічана больш за 150 чалавек - гэта навучэнцы і выпускнікі Гуманітарнага каледжа, курсанты ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а таксама сябры ўніверсітэта.
– Наш святы абавязак захаваць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, аб мужнасці і гераізме нашага народа і памяць аб тых зверствах, якія рабілі захопнікі на нашай зямлі. Нельга забыцца пра трагедыю генацыду беларускага народа, - падкрэсліў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. - Дадзеная тэма паднімаецца ўжо не ў першы раз, і мы разумеем, якую важнасць яна ўяўляе для нашай гісторыі.
Гледачам прадставілі тэатралізаваную пастаноўку, у якой была ўзнята тэма генацыду беларускага народа, былі адноўлены тыя страшныя падзеі вайны, якая стала найвялікшай трагедыяй у гісторыі чалавецтва.
Праніклівыя харэаграфічныя і паэтычныя нумары, жывая музыка, якая гучала ў якасці суправаджэння тэматычных пастановак, – усё гэта расказвала гродзенцам пра трагічныя падзеі, якія нагналі беларускую зямлю ў 1941 годзе.
Да ўсіх удзельнікаў акцыі звярнулася рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка, асабліва падкрэсліўшы важнасць мерапрыемства:
- 22 чэрвеня - асаблівы дзень у гісторыі беларускага народа. Дзякуючы людзям, якія мужна выстаялі ў гады вайны, мы жывем пад мірным небам, і гэта неацэнна. Яны гінулі героямі за нашу свабоду, за нашае шчасце, за нашу будучыню і не пакарыліся ворагу. Гонар і слава таму пакаленню герояў, што выканалі свой абавязак. Іх подзвіг не будзе забыты.
Сёлета акцыю «Памяць» прадстаўнікі Купалаўскага ўніверсітэта правялі 11-ы раз. Усе імёны і гісторыі, на якіх была заснавана тэатральная пастаноўка, – рэальныя… Гэта сапраўдны боль, які напаткаў нашу зямлю.