VI Міжнародная навуковая канферэнцыя "Мова ў каардынатах масмедыя", арганізатарам якой выступіла кафедра медыялінгвістыкі інстытута "Вышэйшая школа журналістыкі і масавых камунікацый" Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта пры падтрымцы Фонду "Рускі свет", прайшла з 30 чэрвеня па 2 ліпеня 2022 года.
Па запрашэнні загадчыка кафедры медыялінгвістыкі, прафесара Ліліі Дускаевай, на пленарным пасяджэнні канферэнцыі Купалаўскі ўніверсітэт прадставіла дацэнт кафедры журналістыкі Тамара Піваварчык, якая выступіла з дакладам «Медыялінгвістычнае вар'іраванне дыскурсу: фактары, параметры, адзінкі».
У рамках канферэнцыі адбылася панэльная дыскусія пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы Іны Мінчук і дацэнта кафедры русістыкі і ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Славацкага нацыянальнага ўніверсітэта імя Я.А. Коменскага Ірыны Дулябавай «Культурна-гістарычная памяць у славянскім медыядыскурсе».
У час дыскусіі беларускія, расійскія і балгарскія даследчыкі падзяліліся вынікамі сваіх назіранняў. Купалаўскі ўніверсітэт прадставілі дацэнт кафедры журналістыкі Анастасія Зезюлевіч, дацэнт кафедры журналістыкі Тамара Піваварчык і старшы выкладчык Кацярына Касцюшка, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Горны.
На круглым стале "Дыялог у навукова-папулярнай камунікацыі" свой сумесны даклад на тэму "Суб'ектная арганізацыя навукова-папулярнага медыятэксту" прадставілі Тамара Піваварчык і Іна Мінчук.
У час канферэнцыі прайшла сустрэча членаў Медыялінгвістычнай камісіі пад кіраўніцтвам Ліліі Дускаевай, падчас якой удзельнікі абмяркоўвалі перспектывы далейшай работы камісіі, сумесныя навуковыя праекты і навукова-арганізацыйныя мерапрыемствы.
Дарэчы, кафедру журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы і кафедру медыялінгвістыкі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта ўжо на працягу некалькіх гадоў звязваюць партнёрскія адносіны.
Па запрашэнні Ліліі Дускаевай загадчык кафедры журналістыкі Іна Мінчук і дацэнты кафедры журналістыкі Тамара Піваварчык і Ірына Герасімчык уваходзяць у склад нацыянальнай падкамісіі Беларусі Медыялінгвістычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў.
Прадстаўнікі СПбДУ рэгулярна ўдзельнічаюць у Міжнародных Карскіх чытаннях, арганізатарамі якіх выступае кафедра журналістыкі Купалаўскага ўніверсітэта.
А прафесар СПбДУ Лілія Дускаева выступіла з курсам лекцый для студэнтаў спецыяльнасцяў "Журналістыка" і "Інфармацыя і камунікацыя". Вынікам сумеснай працы сталі дзве манаграфіі, падрыхтаваныя міжнароднымі калектывамі даследчыкаў, у склад якіх увайшлі Тамара Піваварчык і Іна Мінчук: "Speech Etiquette in Slavic Online Communities" (2021), "The Ethics of Humour in Online Slavic Media Communication" (2022).