На спецыяльнасці факультэта мастацтваў і дызайну паступаюць матываваныя творчыя маладыя людзі, якія жадаюць атрымаць фундаментальную падрыхтоўку ў сферы дызайну, выяўленчага і музычнага мастацтва. За чатыры дні пададзена больш за 150 заяў. Геаграфія абітурыентаў ахоплівае ўсю Беларусь.
Традыцыйна вялікую цікавасць у абітурыентаў выклікае спецыяльнасць "Дызайн (па напрамках)". На сённяшні дзень на 13 бюджэтных і 37 платных месц пададзена 107 заяў. Сярод усіх спецыяльнасцяў Купалаўскага ўніверсітэта – гэта спецыяльнасць з найбольшым конкурсам на дзённую бюджэтную форму: 8 чалавек на месца. Факультэт ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў у галіне дызайну на працягу 12 гадоў. За гэты перыяд кафедра дызайну падрыхтавала вялікую колькасць высокапрафесійных спецыялістаў, якія працуюць у прэстыжных кампаніях і фірмах, у выдавецтвах, рэкламных агенцтвах, дызайнерскіх студыях, на прадпрыемствах лёгкай прамысловасці, а таксама ў Дамах і Цэнтрах моды, маюць магчымасць адкрыць уласную справу.
Спецыяльнасць "Выяўленчае мастацтва і камп'ютарная графіка" дае магчымасць асвоіць навыкі мастацкага праектавання і камп'ютарнага дызайну, а таксама атрымаць фундаментальную падрыхтоўку па жывапісе, графіцы, скульптуры, кампазіцыі, гісторыі мастацтваў і іншых мастацкіх дысцыплінах. Гэта спецыяльнасць у прыярытэце ў тых, хто мае базавую мастацкую адукацыю, а таксама ў тых, хто марыць стаць мастаком і дызайнерам, пры гэтым адукацыя дае магчымасць выкладаць дысцыпліны выяўленчага мастацтва і камп'ютарнай графікі. На сённяшні дзень на 10 бюджэтных месцаў пададзена 25 заяў.
Унікальную магчымасць атрымаць завочнае скарочанае навучанне па спецыяльнасці "Выяўленчае мастацтва і камп'ютарная графіка" атрымліваюць выпускнікі каледжаў са спецыялізацыяй у творчых галінах. Пры гэтым здаюцца ўступныя іспыты ва ўніверсітэце без неабходнасці праходзіць ЦТ. Па выніках чатырох дзён на 5 бюджэтных месцаў пададзена 23 заявы.
Таксама актыўны прыём вядзецца па спецыяльнасцях: "Музычнае мастацтва і сусветная мастацкая культура", "Народная творчасць (інструментальная музыка)". Паступаць на дадзеныя спецыяльнасці можна як пасля каледжа, так і пасля агульнаадукацыйнай школы пры наяўнасці дадатковай адукацыі. Пасля заканчэння ВНУ гарантавана кваліфікацыя выкладчыка і кіраўніка аркестра (ансамбля), настаўніка музыкі. Для паступлення неабходна здаць унутраны экзамен ва ўніверсітэце. Навучанне прадугледжвае толькі бюджэтную форму.
Факультэт мастацтваў і дызайну працягвае прыём дакументаў на спецыяльнасці. Запатрабаванасць спецыялістаў крэатыўнай індустрыі традыцыйна высокая. Абітурыентаў з творчымі здольнасцямі чакаюць актуальныя, захапляльныя і цікавыя спецыяльнасці!