У Ваўкавыскім каледжы ГрДУ імя Янкі Купалы надышоў гарачы час — ідзе прыём дакументаў. Абітурыенты сур'ёзныя і засяроджаныя, яны ўжо зрабілі свой выбар. Больш, напэўна, хвалююцца бацькі: ці сабраны ўсе дакументы, ці добры іх сумесны выбар.
Найбольш актыўныя абітурыенты спецыяльнасці "Дызайн (графічны)". Каб яшчэ раз усё паўтарыць і якасна падрыхтавацца да ўступных іспытаў, яны на працягу двух тыдняў будуць займацца на падрыхтоўчых курсах, арганізаваных у каледжы.
Запатрабаваны і іншыя спецыяльнасці. Рабяты падаюць дакументы на спецыяльнасці "Замежная мова (англійская, нямецкая)", "Пачатковая адукацыя", "Турызм і гасціннасць", "Абслугоўваючая праца і выяўленчае мастацтва", "Дашкольная адукацыя". Упершыню ў каледжы аб'яўлены набор на спецыяльнасць "Педагагічнае суправаджэнне".
Самы высокі бал атэстата ў абітурыенткі, якая падае дакументы на спецыяльнасць "Замежная мова (англійская, нямецкая)" Ульяны Патапчык (9,5) з Гродна.
Цешыць шырокая геаграфія ўступнай кампаніі каледжа. На сённяшні дзень падалі дакументы абітурыенты з Калінкавіч, Бабруйска, Гродна, Лунінца, Пінска, Івацэвіч, Пружан, Ганцавіч, Брэста, Століна і іншых населеных пунктаў Гродзенскай, Брэсцкай, Мінскай абласцей.
Жадаем удачы ўсім абітурыентам і шчыра спадзяемся, што кожны з іх стаў на крок бліжэй да любімай прафесіі!