З 20 па 25 лістапада на базе факультэта эканомікі і кіравання ў рамках супрацоўніцтва паміж ГрДУ імя Янкі Купалы і Іркуцкім дзяржаўным універсітэтам адбылася Міжнародная школа «FinTechSchool: устойлівае развіццё рэгіёну ва ўмовах цыфравізацыі».
Удзельнікамі міжнароднай школы сталі студэнты Міжнароднага інстытута эканомікі і лінгвістыкі Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэта і навучэнцы ліцэя №1 горада Іркуцк (Расійская Федэрацыя).
Арганізатарам міжнароднай школы выступіла кафедра фінансаў і бухгалтарскага ўліку Купалаўскага ўніверсітэта.
Праграма школы накіравана на набыццё тэарэтычных і практычных ведаў і ўменняў у галіне фінансава-прававой пісьменнасці ва ўмовах лічбавай эканомікі, фарміраванне кампетэнцый па арганізацыі і вядзенні прадпрымальніцкай дзейнасці.
У рамках работы школы слухачы пазнаёміліся з эканамічным патэнцыялам Гродзенскага рэгіёна, абмеркавалі ролю і значэнне фінансава-прававой граматнасці і эканамічнай культуры ў сферы сучаснага прадпрымальніцтва, пазнаёміліся з асаблівасцямі лічбавай трансфармацыі фінансавага сектара, развіццём фінансавых прадуктаў, паслуг і працэсаў, заснаваных на выкарыстанні сучасных інфармацыйных тэхналогій. На выязных практычных занятках, праведзеных на пляцоўцы ААТ «Белаграпрамбанк», удзельнікі школы азнаёміліся з лічбавымі прадуктамі ў фінансавай сферы.
Вялікую цікавасць у слухачоў выклікала праектная дзейнасць па тэме «Новыя ідэі для стартапаў. Стварэнне і развіццё ўласнага бізнэсу», падчас якой удзельнікі падрыхтавалі і абаранілі свае праекты.
У рамках міжнароднай школы FinTechSchool 22 лістапада адбыўся тэлемост ГрДУ − МІЭЛ ІДУ «Развіццё сацыякультурнага асяроддзя ВНУ як аснова фарміравання ўстойлівага развіцця рэгіёну». Падчас прамой трансляцыі дэкан факультэта эканомікі і кіравання Марына Карпіцкая абмеркавала з кіраўніцтвам Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэта перспектывы далейшага супрацоўніцтва і сумесную адукацыйную праграму паглыбленай вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці «Эканоміка». На пытанні патэнцыйных абітурыентаў і студэнтаў Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэта адказалі прадстаўнікі факультэта эканомікі і кіравання.
24 лістапада слухачы школы сталі ўдзельнікамі дыялогавай пляцоўкі з прадстаўнікамі ГА «БРСМ», ГА «БСЖ» па пытаннях падтрымкі маладзёжных ініцыятыў у сферы прадпрымальніцтва, развіцця грамадскіх аб'яднанняў, ролі моладзі ў сацыяльна-эканамічным развіцці Саюзнай дзяржавы.
Удзельнікі школы наведалі музей ГрДУ імя Янкі Купалы, пазнаёміліся з турыстычным патэнцыялам Гродзенскага рэгіёна, наведалі экспазіцыю «Гродзенская крэпасць − Партызанскі лагер» у агратурыстычным комплексе «Гарадзенскі маёнтак «Каробчыцы». Слухачы атрымалі вялікае задавальненне ад наведвання санаторыя «Азёрны»», магчымасць сумясціць заняткі спортам і ўдзел у інтэлектуальных і творчых мерапрыемствах.
На закрыцці міжнароднай школы загадчык кафедры фінансаў і бухгалтарскага ўліку Людміла Тарасава, уручаючы слухачам сертыфікаты ўдзельнікаў і памятныя сувеніры, адзначыла, што правядзенне такіх сумесных навуковых міжнародных школ дае магчымасць атрымаць інавацыйныя веды ў навуковай дзейнасці, што з'яўляецца значным укладам у далейшае супрацоўніцтва паміж краінамі і забяспечвае доступ якаснай адукацыі для моладзі.