Беларускія спартсмены заваявалі чарговую ўзнагароду маладзёжнага першынства планеты па веславанню на байдарках і каноэ ў балгарскім Плоўдзіве. Людміла Сінкель, студэнтка 4 курса факультэта фізічнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы, заваявала бронзу ў спаборніцтвах байдарак-адзіночак на дыстанцыі 1000 метраў.
Усяго беларускія спартсмены заваявалі 13 узнагарод юніёрскага і маладзёжнага ЧС па веславанні на байдарках і каноэ, паведамляе БелТА. У пяты і заключны дзень маладзёжнага першынства планеты былі разыграны восем камплектаў узнагарод, нашы весляры выступілі ў трох нядзельных фіналах. На дыстанцыі 1000 м у каноэ-двоек Уладзіслаў Палешка і Даніла Верашчака выйгралі серабро, перамогу ў гэтым відзе праграмы атрымалі іспанцы Пабла Крэспа і Мануэль Фантан, трэцімі аказаліся прадстаўнікі Германіі.
Двухразовым сярэбраным прызёрам МЧМ стаў байдарачнік Дзяніс Ярмоленка — сёння, 21 ліпеня, беларус вызначыўся на тысячы метраў, уступіўшы толькі амерыканцу Джонасу Экеру. У барацьбе за другое месца наш спартсмен на паўсекунды апярэдзіў немца Тобіяса Хамера. На 500-метроўцы ў жаночых каноэ-адзіночак блізкай да медаля была Іна Нядзелькіна: беларуска заняла пятае месца, адстаўшы ад бронзавай пазіцыі толькі на 0,2 сек.
Усяго на сусветным форуме сярод весляроў не старэйшых за 23 гады наша каманда выйграла сем (3-3-1) медаляў. Раней чэмпіёнамі свету сталі Даніла Верашчака (каноэ-адзіночка, 1000 м), Ілья Верашчака і Станіслаў Савельеў (каноэ-двойка, 500 м), а таксама квартэт Уладзіслава Палешка, Савельева і братоў Верашчака (каноэ-чацвёрка, 500 м). Акрамя таго, Дзяніс Ярмоленка ўзяў срэбра на 500-метроўцы. Весляры да 18 гадоў дадалі ў беларускую скарбонку яшчэ шэсць узнагарод (4-1-1). Агульны вынік нашай дэлегацыі на юніёрскім і маладзёжным чэмпіянатах свету ў балгарскім Плоўдзіве склаў 13 медалёў (7 залатых, 4 сярэбраныя і 2 бронзавыя).