Ужо зусім хутка адбудуцца выбары Прэзідэнта. Ужо ў гэтую нядзелю, 26 студзеня, беларусы аддадуць голас за кандыдата, які спадабаўся. Для тых, хто не зможа прыняць удзел у выбарах у асноўны дзень, прадугледжана датэрміновае галасаванне з 21 па 25 студзеня 2025 года.
У галоўным корпусе Купалаўскага ўніверсітэта працуе выбарчы ўчастак № 14. Увесь працэс галасавання праходзіць у штатным рэжыме. Усе галасуючыя ў камфортным становішчы робяць свой выбар. Сярод іх нямала студэнтаў. Студэнтка 2 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Акуліч Анастасія прыйшла на ўчастак зрабіць выбар на карысць будучыні Беларусі.
- Я ўпэўнена ў сваім выбары, таму прыйшла аддаць голас за ўпадабанага кандыдата. Да таго ж ёсць імавернасць, што я магу з'ехаць і не паспець вярнуцца. Вырашыла не рызыкаваць. Мяркую, што прыйсці на выбары трэба абавязкова. Я як адказны грамадзянін разумею ўсю важнасць выбараў, - падзялілася Анастасія.
Нагадваем!
Асноўны дзень галасавання будзе праходзіць 26 студзеня, участкі будуць працаваць з 8.00 да 20.00. Усяго ў Беларусі сфарміравана 5325 участкаў. Працэдура галасавання патрабуе наяўнасці дакумента, які пацвярджае асобу. Гэта можа быць пашпарт (ID-карта), а таксама пасведчанне кіроўцы, пасведчанне інваліда, пенсійнае пасведчанне, калі ў іх ёсць фота.
Ваеннаслужачыя тэрміновай службы могуць прадаставіць ваенны білет, а работнікі дзяржаўных органаў і арганізацый - службовае пасведчанне. Моладзь можа прагаласаваць па студэнцкім білеце ці білеце навучэнца.
Нагадаем, што на сайце ЦВК Беларусі працуе сервіс па пошуку ўчастка для галасавання. Указаўшы неабходныя звесткі, любы выбаршчык можа даведацца, дзе знаходзіцца яго ўчастак для галасавання.