Абмеркаванне рукапісу навучальнага выдання па дысцыпліне “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці” абылося 26 красавіка ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Мерапрыемства прайшло з удзелам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэя Іванца, а таксама кіраўніка аўтарскага калектыву выдання Ігара Марзалюка.
У дыялогу прынялі ўдзел рэктар Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Юрый Бондар, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янки Купалы Ірына Кітурка, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Жук, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Руслан Абрамчык, а таксама прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. На сустрэчы прысутнічалі студэнты Купалаўскага ўніверсітэта.
Падчас адкрыцця дыялогавай пляцоўкі Міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў:
– Сёння мы праводзім чарговую, ужо шостую па ліку дыялогавую пляцоўку па абмеркаванні рукапісу падручніка па дысцыпліне “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”. Гэты навучальны дапаможнік будзе настольнай кнігай па станаўленні гісторыі беларускай дзяржаўнасці для студэнтаў усіх спецыяльнасцяў.
Ён заклікаў удзельнікаў дыялогу да канструктыўнай працы, бо ад яе вынікаў будзе залежыць як тое, якія веды студэнт атрымае па дысцыпліне “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”, так і ў цэлым фарміраванне светапогляду моладзі.
Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, член Савета Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк, які ўзначальвае аўтарскі калектыў выдання, падрабязна пазнаёміў прысутных са зместам навучальнага дапаможніка. Ён носіць міждысцыплінарны характар і складаецца з трох раздзелаў: “Асноўныя этапы развіцця беларускай дзяржаўнасці”, “Асновы дзяржаўнага ладу Рэспублікі Беларусь” і “Беларусь на мяжы культур і цывілізацый”.
– Выданне дае адказы на некалькі канцэптуальных пытанняў: адкуль мы прыйшлі, куды ідзем і як будзем будаваць сваю будучыню. Мы не павінны ўпускаць сюжэты мінулых дзён, якія актуальныя сёння. Трэба вучыцца на праўдзівых гістарычных фактах. У гэтай калектыўнай працы прысутнічае вялікая колькасць ілюстрацый, схем і карт, якія дапаўняюць тэкст выдання, – адзначыў Ігар Марзалюк.
Навучальны дапаможнік дапоўнены QR-кодамі, якія дазволяць выйсці за межы асноўнага тэксту. Акрамя таго, у ім прадугледжваецца спіс літаратуры, храналогія беларускай дзяржаўнасці і метадычны апарат. Да таго ж плануецца падрыхтоўка хрэстаматыі і атласу па гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Да 1 верасня падручнікі будуць ва ўсіх універсітэтах Беларусі. Па іх будуць вучыцца студэнты 1-х курсаў усіх спецыяльнасцяў.
Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі выказалі пажаданні і заўвагі па зместу дапаможніка, што дазволіць адаптаваць тэкст выдання для ўспрыняцця студэнцкай моладдзю.
У межах мерапрыемства адбылася і прэзентацыя камплекта выданняў да Году гістарычнай памяці “Гістарычная памяць”, якія выйшлі ў выдавецтве “Адукацыя і выхаванне”. Адно з выданняў “Живая боль войны” прэзентавала аўтар кнігі, галоўны рэдактар навукова-папулярнага часопіса “Здаровы лад жыцця”. Плануецца, што ў хуткім часе кожны ўніверсітэт Беларусі будзе мець гэты камплект.