Дні навукі і творчасці кафедры лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання прадаўжаюцца святочнай вечарынай “Кветкі – ад беларускіх паэтак”, якую 6 сакавіка арганізавалі дацэнты кафедры Сняжана Віктараўна Асабіна і Алена Мікалаеўна Лапкоўская. Між усіх святаў самае кветкавае, самае вясновае – свята жанчын. Таму было вырашана павіншаваць усіх жанчын факультэта “кветкамі-вершамі”, якія стварылі нашы беларускія паэткі.
Дзякуючы маляўнічаму суправаджэнню студэнткі 5 курса Клішынай Юліі, прысутныя апынуліся нібы на вясеннім лузе, дзе ўсё цвіце і буяе сваёй прыгажосцю. Кожны выступаючы быў асобнай кветачкай і дарыў свой вясенні настрой.
Лірычная балада Цёткі “Тры кветкі” пра самае трывалае, надзейнае, сапраўднае, што не завяне ні ад далечы, ні ад часу, – пра любоў маці. Верш прагучаў у выкананні студэнткі 3 курса Кацярыны Трафімовіч.
Нагадала жанчынам пра красу, пра вясну студэнтка 1 курса Кацярына Курчэня вершам Ларысы Антонаўны Геніюш “Астры”.
Пра цікавыя моманты з жыцця паэтак расказала даследчыца жаночай паэзіі Ала Мікалаеўна Петрушкевіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай літаратуры. Таксама Ала Мікалаеўна падаравала ўсіх сваімі “кветкавымі” вершамі.
Госці з зачараваннем слухалі цудоўны санет Максіма Багдановіча «Зорка Венера», які прагучаў у выкананні студэнткі 2 курса Алёны Шырокай. Беларускай “Купалінкай” віншаваў прысутных магістрант з Кітая Шэнь Пэн. Віртуознае выкананне музычнага танга Максіма Казуленкі, студэнта 2 курса факультэта мастацтва і дызайну, ускалыхнула самыя тонкія струны душы. Жывым, вясёлым танцам парадаваў танцавальны калектыў педагагічнага факультэта.
Госці засталіся задаволеныя цудоўным святам.