Навуковы форум, прысвечаны гістарычным, культурным, літаратурным, моўным, навукова-асветніцкім, эканамічным і іншым сувязям паміж народамі Беларусі і Польшчы, аб’яднаў удзельнікаў з суседніх краін, якія даследуюць пытанні беларуска-польскага памежжа.
Пленарнае пасяджэнне адкрыла дэкан філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Іна Лісоўская:
– XXIV Міжнародная навуковая канферэнцыя “Шлях да ўзаемнасці” – гэта сустрэча вядучых польскіх і беларускіх навукоўцаў, даследчыкаў, дзейнасць якіх звязана не толькі з перспектывамі развіцця беларуска-польскага памежжа, з міжнацыянальнай культурнай і гістарычнай спадчынай, а таксама з імкненнем паспрыяць умацаванню сяброўства і добрасуседскіх адносін паміж народамі, якія жывуць побач.
Яна адзначыла, што на працягу многіх гадоў канферэнцыя дае навукоўцам выдатную магчымасць для рэалізацыі творчых імкненняў, навуковы досвед, жаданне здзяйсняць сваё высокае прызначэнне вучонага, даследчыка, педагога. А сваім шматгадовым існаваннем пацвярджае неабходнасць канструктыўнага дыялогу як паміж рознымі пакаленнямі, так і паміж рознымі культурамі і этнасамі.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі і са словамі падзякі да арганізатараў мерапрыемства звярнуўся начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. Ён зачытаў зварот да ўдзельнікаў канферэнцыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў.
Прызнанне і падзяку за запрашэнне прыняць удзел у канферэнцыі выказаў намеснік старшыні грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Васіль Сегень.
– Мы заўсёды сустракаемся з добразычлівасцю, сардэчнасцю, гасціннасцю, нам вельмі прыемна бываць на Гродзенскай зямлі. Заглядваючы ў будучыню, хачу запрасіць вас на XXV Міжнародную канферэнцыю, чарга якой выпадае на наш, польскі бок, у наступным годзе, – адзначыў Васіль Сегень.
Вітаючы ўдзельнікаў канферэнцыі, першы прарэктар Алег Раманаў выказаў спадзяванне на тое, што дадзенае навуковае мерапрыемства стане той пляцоўкай, на якой народзяцца новыя планы, новыя праекты, якія будуць абавязкова рэалізаваны.
Паспяховай працы на навуковым форуме і добрых вынікаў пажадалі консул генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку Вадзім Свярчкоў і старшыня грамадскага аб’яднання Саюза палякаў на Беларусі Мечыслаў Лысы.
Удзельнікі канферэнцыі прадоўжылі дыялог у секцыях, падчас працы якіх будуць абмеркаваны пытанні намінацыі, моўнага ўзаемадзеяння, моўна-культурнага памежжа і перакладу, полікультурнай камунікацыі, канфесійнай гісторыі і іншыя.
Нагадаем, што арганізатарамі XXIV Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Шлях да ўзаемнасці” выступілі Упаўнаважаны камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт, Грамадскае аб’яднанне “Саюз палякаў на Беларусі”, Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, кафедра беларускай філалогіі Універсітэта ў Беластоку.