Мерапрыемства, прысвечанае святкаванню Міжнароднага Дня роднай мовы, адбылося ў чытальнай зале навуковай бібліятэкі купалаўскага універсітэта 19 лютага.
Людміла Рублеўская – беларуская паэтэса, пісьменніца, літаратурны крытык, Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф», Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Найлепшы празаічны твор», аглядальнік аддзела культуры газеты «СБ. Беларусь сегодня».
Мерапрыемства праводзілася сумесна з Гродзенскай епархіяй. У якасці гасцей на сустрэчы таксама прысутнічалі святар, паэт Павел Каспяровіч, гарадзенскі паэт, дацэнт кафедры польскай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Анатоль Брусевіч, а таксама старшыня Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюзу беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка.
Са сваімі вершамі прысутных пазнаёмілі Анатоль Брусевіч, дацэнт кафедры польскай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, і Павел Каспяровіч, святар Свята-Пакроўскага сабора.
Адкрыў мерапрыемства дырэктар бібліятэкі Мікалай Грынько, адзначыўшы сімвалічнасць сустрэчы ў рамках Тыдня роднай мовы, які праводзіцца ў Гродзенскім універсітэце ўпершыню.
Айцец Павел Каспяровіч расказаў гісторыю напісання верша “Я веру, што дзесьці…”, які прысвяціў сваёй жонцы, а таксама прачытаў некалькі вершаў іншых тэматык.
Анатоль Брусевіч адзначыў сур’ёзнае стаўленне да слова і паэтычнай творчасці, што пацвердзіў уласнымі вершамі “За акном маім студзень пануры”, “Восень, туга даматканая…” і інш.
Пра свае цяперашнія творчыя клопаты і раман у пяці кнігах “Авантуры Вырвіча”, па апошняй з якіх распачаліся здымкі фільму, расказала Людміла Рублеўская. Прысутных цікавілі пытанні пачатку творчай дзейнасці, удасканалення мастацкага густу, дзеяння Школы маладога пісьменніка, і, канешне ж, таямніцы кіназдымкі.
Варта зазначыць, што сярод удзельнікаў мерапрыемства былі не толькі студэнты і выкладчыкі купалаўскага ўніверсітэта, але і вучні СШ №31 г. Гродна разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Ярмусік Валянцінай Міхайлаўнай.