Да свята быў премеркаваны шэраг мерапрыемстваў, які пачаўся з панядзелка 18 лютага. На працягу чатырох дзён у купалаўскім універсітэце адбываліся святочныя імпрэзы, выставы і сустрэчы.
Пачаўся святочны марафон з адкрыцця выставы Народнага мастака Беларусі Уладзміра Стэльмашонка “Жанчыны ў жыцці і творчасці Адама Міцкевіча” ў навуковай бібліятэцы ГрДУ імя Янкі Купалы. Кожны жадаючы таксама змог прыняць удзел у сустрэчы з лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі, культурным аглядальнікам выдавецкага дома “СБ.Беларусь сегодня” Людмілай Рублеўскай, прэзентацыі факсімільнага выдання кніг Бібліі, выдадзеных Францыскам Скарынам, і першага “Буквара”.
Самым масштабным мерапрыемствам стала агульнаўніверсітэцкая “Купалаўская дыктоўка”, якая сёння, 21 лютага, упершыню аб’яднала ўсіх студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта.
У межах акцыі “Роднае слова з вуснаў ліецца” студэнты розных нацыянальнасцей дэкламавалі вершы на роднай мове. Незвычайны падарунак падрыхтавалі студэнты з Туркменістана, якія праспявалі песню на роднай мове і прачыталі верш Якуба Коласа “Родныя вобразы”. Адметным было прачытанне верша Янкі Купалы “А хто там ідзе” ў перакладзе на кітайскую мову. Акрамя навучэнцаў ГрДУ імя Янкі Купалы, у акцыі прынялі ўдзел супрацоўнікі ўніверсітэта.
Былі праведзены два майстар-класы. Назікджамал Халыева, студэнтка 2 курса, пазнаёміла беларускамоўных студэнтаў з асаблівасцямі туркменскай мовы. У сваю чаргу, Мікалай Грынько, дырэктар навуковай бібліятэкі, пазнаёміў замежных студэнтаў з асаблівасцямі беларускага вымаўлення і нормамі этыкету ў межах майстар-класу “Ветлівасць па-беларуску”.
Міжнародны Дзень роднай мовы адсвяткавалі і на філалагічным факультэце. Дзень урачыста распачаўся паэтычна-музычным віншаваннем студэнтамі-філолагамі рэктарата і структурных падраздзяленняў універсітэта з уручэннем спецыяльна падрыхтаванай віншавальнай паштоўкі. Свой працяг Свята Дня роднай мовы на філалагічным факультэце знайшло падчас літаратурна-музычнай імпрэзы “Магутнае слова, ты, роднае слова!”, падрыхтаванай кафедрай беларускай філалогіі. З прывітальным словам да вялікай залы звярнулася дэкан філалагічнага факультэта Іна Лісоўская, якая падзялілася сваім разуменнем сутнасці купалаўскага паэтычнага выказвання і шчырымі пажаданнямі шанаваць роднае слова. Пільнай увазе гасцей, студэнтаў і выкладчыкаў былі прапанаваны творчая студэнцкая майстэрня “Сёння ў нашай хаце свята…”, выкананне духоўных песень і выступленні замежных студэнтаў. Адметным варта назваць і выступленне вучняў СШ №32 – філіяла кафедры беларускай філалогіі, дзе мела магчымасць прадставіць сябе абітурыентка названай установы, што мае і прафесійна-арыентаваны накірунак.
Шчыра вітала зала і запрошаных гасцей – гродзенскіх пісьменнікаў Людмілу Кебіч, Алу Клемянок, Людмілу Шаўчэнку і маладую паэтэсу Вікторыю Смолку. Эмацыйна-лірычнымі прамовамі, чытаннем сваіх вершаў гродзенскія творцы вельмі ўдала пераканалі прысутных, што ў паэзіі кожнае слова мае свой і колер, і смак, і водар. Аздобілі свята “дзіўнай музыкай слоў, іграннем пачуццяў на ліры” таксама студэнцкія выкананні беларускіх песень, прагляд відэаролікаў з чытаннем студэнтамі-філолагамі любімых радкоў беларускіх паэтаў.