Інтэлектуальныя гульні, майстар-класы, букросінг ды іншыя цікавосткі чакаюць удзельнікаў мерапрыемства 10 красавіка з 19 да 22 гадзін у навуковай бібліятэцы ГрДУ імя Янкі Купалы.
Найбуйнейшая штогадовая акцыя ў падтрымку чытання, якая праходзіць адначасова больш як на 2000 пляцоўках розных краін свету, адбудзецца ў навуковай бібліятэцы купалаўскага ўніверсітэта ў другі раз.
У межах акцыі пройдзе сустрэча з гродзенскімі гісторыкамі пад назвай “Жывая кніга”, букросінг “Забяры мяне з сабой!”, экскурсія па бібліятэцы “Падарожжа ў свет кнігі”.
Удзельнікам бібліяночы будуць прапанаваны майстар-класы па вырабу велікодных паштовак, карункаў, шыццю з фетру, сухім валянні, маляванню пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў бібліятэкі і выкладчыкаў універсітэта, навучэнцаў каледжа мастацтваў. Весела і карысна правесці бібліяноч можна будзе падчас спаборніцтваў у інтэлектуальных гульнях “Гогаль-могаль”, шашкі, шахматы, даміно, лато, разгадваючы рэбусы і абменьваючыся кнігамі.
Акрамя таго, у гэты час будуць працаваць выстава кніг да 210-годдзя з дня нараджэння М.В. Гогаля, выстава дзіцячай кнігі, фота-зона, арт-пляцоўка “Сустрэча з лялькай”, дзіцячая пляцоўка “Велікодная майстэрня”, на якой дзеці і дарослыя змогуць навучыцца рабіць арыгамі, сувеніры да Вялікадня, а таксама маляваць казачных герояў пад кіраўніцтвам навучэнцаў каледжа мастацтваў.
Нагадаем, што ўпершыню акцыя “Бібліяноч” прайшла ў Расіі ў 2012 годзе, напярэдадні Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права, а Беларусь далучылася да мерапрыемства ў 2015 годзе. Падчас акцыі бібліятэкі, кнігарні, літаратурныя музеі працягваюць час сваёй працы.
Падрабязна з праграмай мерапрыемства можна пазнаёміцца тут.