Найбуйнейшая штогадовая акцыя ў падтрымку чытання, якая праходзіць адначасова больш як на 2000 пляцоўках розных краін свету, адбылася ў навуковай бібліятэцы купалаўскага ўніверсітэта 10 красавіка.
Атмасфера свята адчувалася ўжо на ўваходзе ў галоўны корпус універсітэта, дзе знаходзілася фотазона, на якой кожны мог зрабіць памятны фотаздымак. Вядучай тэмай акцыі “Бібліяноч-2019: Зачараванае месца” стала творчасць М.В. Гогаля. Мерапрыемства было арганізавана сумесна з прадстаўнікамі факультэта мастацтваў і дызайну ГрДУ імя Янкі Купалы, Гуманітарнага каледжа і Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна г. Гродна. Дапамогу ў правядзенні мерапрыемства аказалі валанцёры атрада “Данка” факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. Адкрыў мерапрыемства першы прарэктар універсітэта Алег Раманаў. Дзеі Бібліяночы развярнуліся на сямі пляцоўках. У фае ўніверсітэта гасцей сустракалі навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Яны станцавалі некалькі народных танцаў, у якіх былі задзейнічаны і гледачы.
У чытальнай зале дзейнічала пляцоўка пад назваю “Сустрэча з лялькай”. Артыстка Гродзенскага абласнога тэатра лялек Анастасія Суханосік правяла для дзяцей і іх бацькоў забаўляльнае прадстаўленне, пасля якога маленькія гледачы маглі паспрабаваць сябе ў ролі акцёра-лялькавода. Наступнымі адкрылі пляцоўку прадстаўнікі Цэнтра адпачынку і развіцця г. Гродна “Партал”, якія прадэманстравалі настольныя гульні для дзяцей і дарослых і паказалі, як у іх гуляць. Таксама ў чытальнай зале быў арганізаваны майстар-клас студэнтамі факультэта мастацтваў і дызайну.
У фае навуковай бібліятэкі была арганізавана выстава славянскіх абрадавых лялек майстра па вырабе тэкстыльнай лялькі, члена Саюза рамеснікаў Рэспублікі Беларусь Вольгі Сідлярэвіч. Там жа навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў рабілі ўсім жадаючым аквагрым, які карыстаўся вялікай папулярнасцю.
У сапраўдны “Сарочынскі кірмаш” пераўтварыўся калідор першага паверха, дзе была арганізавана вялікая колькасць майстар-класаў: пляценне з саломкі, кройка і шыццё лялек, падрыхтоўка велікодных яек і вырабаў, выцінанка, пляценне карунак, маляванне і многае іншае.
Асаблівую цікавасць выклікала пляцоўка “Жывая кніга”, дзе было прадстаўлена выданне «Сквозь пожары мировых войн: путеводитель с I-го по V-й форт Гродненской крепости» гісторыкаў Дзмітрыя Люціка і Аляксандра Семянчука. Яны расказалі аб самых знакамітых фартах крэпасці Гродна. Пытанні ваеннай гісторыі выклікалі вялікую зацікаўленасць у прысутных, вёўся актыўны дыялог з аўтарамі.
Шмат цікавых фактаў аб гісторыі карунак і іх пляценні, накірунках і стылях вязання кручком, а таксама аб вырабе ўпрыгожванняў расказала Алёна Лапатка. Майстар прадставіла свае працы і падзялілася вопытам пляцення карунак.
На дзіцячай пляцоўцы “Велікодная майстэрня” навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў правялі майстар-клас па малюнку. Дзеці пагулялі ў актыўныя гульні і патанчылі разам з выкладчыкамі і навучэнцамі Гуманітарнага каледжа. Музыка, настольныя гульні, крыжаванкі, рэбусы і многае іншае не пакінула нікога абыякавым. У завяршэнні вечара дзеці атрымалі невялікія падарункі.
Самыя разумныя і знаходлівыя прынялі ўдзел у інтэлектуальна-забаўляльнай гульні “Гогаль-могаль”. За перамогу змагаліся 4 каманды. Каманда-пераможца атрымала памятныя і салодкія падарункі ад прафкама студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы.