Урачыстае падпісанне адбылося 23 красавіка.
Удзельнікамі знакавай для ўніверсітэта падзеі сталі акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза, рэктар Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Марат Жылінскі, загадчык Цэнтра спецыяльных гістарычных навук і антрапалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Валянцін Голубеў, а таксама прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы.
Гасцей прывітала рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Яна адзначыла, што купалаўскі ўніверсітэт і Нацыянальная Акадэмія навук супрацоўнічаюць ужо даўно.
– Сёння мы падмацуем нашыя добрыя плённыя адносіны з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, – адзначыла Ірына Кітурка. – Для нас гэта вельмі знакавае мерапрыемства, якое дае новы імпульс для агульнай працы. Я хачу падзякаваць усім супрацоўнікам ГрДУ імя Янкі Купалы, якія прымаюць актыўны ўдзел у навуковых праграмах і робяць свой унёсак у развіццё беларускай навукі, – дадала Ірына Фёдараўна.
У сваю чаргу дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Вячаслаў Даніловіч адзначыў:
– Я ўпэўнены, што наперадзе ў нас шмат здзяйсненняў на карысць гістарычнай навукі і ўсёй Беларусі. Падпісанне дагавора будзе спрыяць узмацненню нашага творчага саюза.
Сярод накірункаў далейшай працы – сумесны ўдзел у распрацоўцы адукацыйных стандартаў новага пакалення, планаў, праграм і вучэбных дапаможнікаў па гістарычных і археалагічных дысцыплінах, арганізацыя навуковых даследаванняў, канферэнцый і семінараў. Плануецца, што супрацоўнікі інстытута будуць кіраваць дыпломнымі работамі купалаўцаў, прымаць удзел у правядзенні вучэбнай практыкі студэнтаў, ажыццяўляць навуковае кіраўніцтва магістрантамі, аспірантамі і дактарантамі.
У межах супрацоўніцтва вядучыя навукоўцы інстытута прачытаюць лекцыі, правядуць практычныя заняткі і кансультацыі для студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы, а ў выкладчыкаў універсітэта будзе магчымасць прымаць удзел у стажыроўках на базе інстытута. Трэба адзначыць, што сумесная праца будзе весціся і ў падрыхтоўцы і публікацыях матэрыялаў па выніках выканання навукова-даследчых і навукова-асветніцкіх прац.
У агульных планах і абмен досведам, а таксама пошук новых эфектыўных формаў і механізмаў ідэалагічнага суправаджэння вучэбнай, навуковай і выхаваўчай работы. Да таго ж студэнты і супрацоўнікі і надалей будуць прымаць удзел у паездках, археалагічных разведках і даследаваннях, а прадстаўнікі інстытута – у арганізацыі і правядзенні ва ўніверсітэце канферэнцый па выніках археалагічнага палявога сезона.