Экскурсія адбылася 17 мая ў межах праграмы вучэбных курсаў “Гісторыя культуры Беларусі” і “Мастацкая культура Беларусі”. Яе ўдзельнікамі сталі каля 40 студэнтаў факультэта мастацтваў і дызайну.
Заўважаць прыгажосць кожнага куточка роднай зямлі, ведаць і шанаваць свае вытокі, з любоўю адносіцца да радзімы вучыць моладзь прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы Святлана Марозава. Пры тым не толькі чытаючы лекцыі ў студэнцкай аўдыторыі, але і непасрэдна наведваючы гістарычныя мясціны Беларусі.
З унікальнай культурай і багатай гісторыяй экскурсантаў знаёміў гід Віктар Кірэеў. Маршрут экскурсіі пралягаў праз Мураванку, Ліду, Іўе, Гальшаны, Баруны, Крэва, Залессе, Кушляны, Смаргонь і Гервяты.
– Дадзены маршрут быў абраны не выпадкова. Дзесьці 25 год таму заўважыла, што гэтыя гарады і вёскі Гродзеншчыны вельмі багатыя на знакамітых асоб і гістарычныя помнікі, якія маюць агульнанацыянальнае і еўрапейскае значэнне. Хацелася, каб студэнты акунуліся ў тую атмасферу, якая панавала падчас важных гістарычных падзей і пры жыццядзейнасці вядомых людзей, такіх як Міхаіл Агінскі, Францішак Багушэвіч. Як кажуць, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Уражанні ад наведвання гэтых мясцін застануцца са студэнтамі назаўсёды, – адзначыла прафесар.
А мастаку, як і любой творчай асобе, патрэбна натхненне. Адным з такіх натхняльных момантаў і стала ўражанне ад падарожжа. Студэнтам адчынілі свае дзверы замкі XIV, XVII стст. у Лідзе, Крэве і Гальшанах, царква-крэпасць пачатку XVI ст. у Мураванцы, касцёл XVIII ст. у Барунах, музей-сядзіба Міхаіла Агінскага ў Залессі, мусульманская мячэць XIX ст. у Іўі, дом-музей Францішка Багушэвіча ў Кушлянах, а таксама “беларускі Нотр-Дам” – неагатычны касцёл памежжа XIX–XX стст. у Гервятах. У межах паездкі адбыліся сустрэчы з вядомымі краязнаўцамі і пісьменнікамі.
Родная зямля аддзячыла ўважлівых купалаўцаў сілай і натхненнем тварыць. Эсэ і прэзентацыі, карціны, альбомы, сценгазета сталі вынікам перажытых эмоцый. А ў студэнткі 1 курса Валерыі Бадзьіной нават нарадзіліся ў душы вершаваныя радкі, якія заканчваюцца так:
Мой мир теперь больше не будет, как раньше.
Арганізатарам экскурсіі стала кафедра музычнага мастацтва факультэта мастацтваў і дызайна, а фінансавую падтрымку аказала студэнцкая прафсаюзная арганізацыя купалаўскага ўніверсітэта.