Удзельнікамі Летняй школы беларускай мовы і культуры сталі госці з Расійскай Федэрацыі.
Па словах арганізатара Летняй школы Мікалая Грынько, які таксама з’яўляецца каардынатарам Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і культуры пры МДУ імя М.В. Ламаносава, у гэтым годзе ўдзельнікамі адукацыйнага праекта сталі прадстаўнікі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава і Інстытута славяназнаўства РАН:
– Сярод удзельнікаў таксама пераможцы конкурсу “Пазнай Беларусь з намі”, які праводзіўся Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы сумесна з філалагічным факультэтам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава ў межах дзейнасці Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і культуры пры МДУ імя М.В. Ламаносава.
Удзельнікі Летняй школы мараць авалодаць мовай для таго, каб можна было свабодна размаўляць па-беларуску. Пакуль гэта выклікае цяжкасці і значныя перашкоды ў рэалізацыі далейшых прафесійных планаў.
Так, Марыя Лам з Інстытута славяназнаўства РАН, якая на радзіме займаецца падрыхтоўкай кандыдацкай дысертацыі на тэму сучаснай гродзенскай літаратуры, прыехала на Летнюю школу з мэтай загаварыць па-беларуску, прымяніць набытыя веды пры напісанні навуковых артыкулаў, а таксама атрымаць асалоду ад чытання кніг па-беларуску. Яе любімае беларускае слова “сябрына”.
У захапленні ад Беларусі, Гродна і выкладчыкаў Летняй школы Марыя Дораш, студэнтка 3 курса філалагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава, якая прыехала ў Беларусь упершыню. Знаёмства з беларускай мовай у дзяўчыны адбылося падчас наведвання факультатыўных заняткаў па беларускай мове, арганізаваных Цэнтрам беларускай мовы, літаратуры і культуры пры МДУ імя М.В. Ламаносава.
Аляксандра Шырокава, магістрантка МДУ імя М.В. Ламаносава па спецыяльнасці “Паланістыка”, акрамя польскай мовы вывучае харвацкую і ўкраінскую, а калі пачула пра набор на факультатыўныя заняткі па беларускай мове, неадкладна вырашыла ўключыць у спіс вывучаемых славянскіх моў і беларускую. Пакуль асноўную цяжкасць у авалоданні апошняй у дзяўчыны выклікае правільнасць пастаноўкі націску, так як у беларускай мове ён рухомы. Затое ўжо ўдалося асвоіць вымаўленне цвёрдых гукаў [дж] і [ч].
Удзельнікі Школы прыемна ўражаны арганізацыяй і якасцю выкладання, а таксама прыгажосцю Беларусі.
Згодна з праграмай, слухачоў чакаюць разнастайныя заняткі і майстар-класы па беларускім вымаўленні, правапісе, граматыцы, культуры маўлення, фразеалогіі беларускай мовы і інш. Акрамя адукацыйнага складніку прадугледжаны культурныя мерапрыемствы: экскурсіі па Гродна, вандроўкі па гістарычных мясцінах Беларусі, сустрэчы з гродзенскімі пісьменнікамі, прагляд фільма беларускага кінематографа, знаёмства з духоўнай народнай скарбонкай – гульнямі, традыцыямі і святамі беларусаў.
Напрыканцы навучання слухачы напішуць выніковы тэст і атрымаюць сертыфікаты.
Летняя школа будзе дзейнічаць на базе навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы з 5 па 15 жніўня.