Удзельнікі Летняй школы ў межах адукацыйнай праграмы знаёмяцца з беларускай фразеалогіяй, гродзенскай паэзіяй і асновамі народнага ткацтва.
Сёння, 9 жніўня, для ўдзельнікаў Летняй школы былі арганізаваны заняткі па беларускай фразеалогіі, знаёмства з аўтарамі Гродзеншчыны і іх літаратурнымі творамі. На другую палову дня запланавана паездка ў Гудзевічы, дзе іх чакае экскурсія ў Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей, а таксама гульнёвая праграма “У гасцях у Сымоніхі і Лявоніхі”.
Учора слухачы мелі магчымасць дакрануцца да духоўнага багацця Беларусі. Насычаная культурная праграма ўключала ў сябе экскурсіі ў Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, Свята-Барыса-Глебскую царкву, этнакраму “Цудоўня”, Гродзенскі дзяржаўны абласны Палац творчасці дзяцей і моладзі. У студыі “Суквецце талентаў” для ўдзельнікаў Летняй школы правялі майстар-клас па народным ткацтве, падчас якога яны нават паспрабавалі саткаць нацыянальныя паясы.
Наперадзе слухачоў чакае вандроўка па гістарычных мясцінах Беларусі. Тур у Навагрудак, Мір, Нясвіж, на возера Свіцязь, а таксама наведванне Белавежскай пушчы запланавана ў межах праграмы выхаднога дня.
Нагадаем, заняткі ў Летняй школе беларускай мовы і культуры працягнуцца да 15 жніўня.