Акцыі «Нам - 80!» і «Святочны торт» працягнулі марафон мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю ГрДУ імя Янкі Купалы.
У рамках акцыі «Нам - 80!» на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга купалаўцы пад песню, прысвечаную Дню нараджэння ўніверсітэта, прынялі ўдзел у танцавальным флэшмобе і зрабілі памятнае фота з вышыні птушынага палёту.
Пасля гэтага студэнты і супрацоўнікі Купалаўскага ўніверсітэта сабраліся ў сталовай, дзе іх чакаў вялікі торт у форме лічбы 80.
Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы прывітала ўсіх удзельнікаў акцыі. Яна нагадала, што сёння, 21 лютага, ва ўсім свеце адзначаюць Дзень роднай мовы, якому ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прысвяцілі Купалаўскую дыктоўку.
– Мы працягваем марафон святочных мерапрыемстваў. Я дзякую вам, купалаўцы, што вы з намі і віншую ўсіх з Днём нараджэння нашага ўніверсітэта! Памятайце, што вы вучыцеся ў лепшым універсітэце. Vivat, універсітэт!
Ірына Кітурка запрасіла ўсіх пачаставацца тортам і перадала права раздзяліць пачастунак прадстаўнікам Каардынацыйнага студэнцкага савета.
Трэба адзначыць, што чаяванне з тортам адбылося на ўсіх факультэтах універсітэта.