Мерапрыемства аб’яднала каля тысячы студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў універсітэта і ўдзельнікаў з Кітая, Расіі і Польшчы.
Праводзіць з нагоды Дня роднай мовы агульнаўніверсітэцкую Купалаўскую дыктоўку ўжо стала добрай традыцыяй у сям’і купалаўцаў. Падчас гэтага мерапрыемства прысутныя маглі паўдзельнічаць у напісанні адмысловага дыктанту і праверыць такім чынам сваё веданне беларускай мовы. Як адзначыла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, штогод напісанне дыктоўкі прымеркавана да Дня нараджэння ўніверсітэта:
– Для кожнага народа яго мова – гэта спадчына і скарб. І мы, беларусы, завём сваю мову матчынай. Удзелам у сёняшнім мерапрыемстве мы маем мажлівасць яшчэ раз выказаць падзяку і пашану да роднай мовы, усвядоміць сваю адказнаць у тым, каб зберагчы яе для наступных пакаленняў.
Ірына Кітурка таксама павіншавала купалаўцаў з Днём нараджэння Alma Mater, пажадала ўдзельнікам поспехаў, добрага настрою і кахання.
«Мова – духоўны скарб народа» – тэкст з такой цудоўнай назвай натхняў удзельнікаў Купалаўскай дыктоўкі. Дыктоўка распачалася адначасова ва ўсіх карпусах універсітэта, яе агучвалі выкладчыкі філалагічнага факультэта. Па відэасувязі да напісання далучыліся і супрацоўнікі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, студэнты з універсітэтаў Кітая, якія вывучаюць беларускую мову, прадстаўнікі Варшаўскага ўніверсітэта і Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава.
Пасля мерапрыемства ўдзельнікі маглі самастойна праверыць напісанае, а на памяць атрымалі сімвалічны падарунак і бланк са сваім тэкстам.