Сёлета Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы скончыла 2440 студэнтаў. Лепшыя з іх былі ўзнагароджаны лістамі падзякі і граматамі на штогадовым рэктарскім балі, які адбыўся 28 чэрвеня.
Сярод лепшых выпускнікоў-купалаўцаў – лаўрэаты прэмій за дасягненні ў галіне навукі, пераможцы творчых конкурсаў, актыўныя ўдзельнікі грамадскага жыцця ўніверсітэта і краіны, а таксама прызёры спартыўных спаборніцтваў. Павіншаваць выпускнікоў з паспяховым заканчэннем універсітэта прыйшлі іх бацькі, аднагрупнікі і сябры.
Мерапрыемства адкрыла рэктар Ірына Кітурка. Яна звярнулася да выпускнікоў са словамі падзякі і пажаданнямі:
–Дарагія купалаўцы, сённяшні дзень сапраўды асаблівы, таму што зараз на гэтай плошчы – у самым сэрцы нашага ўніверсітэта – сабраліся лепшыя выпускнікі ўсіх факультэтаў. Гляджу ў вашыя вочы і ўспамінаю ўсе мерапрыемствы з вашым удзелам. Я фактычна ведаю кожнага з вас і хачу сказаць вам: “Вялікі дзякуй!”. Дзякуй за тое, што гэтыя гады мы былі разам. Мы разам з вамі пісалі гіторыю нашага ўніверсітэта! Сёння мне хочацца пажадаць кожнаму з вас знайсці сваё пачэснае месца ў тых калектывах, куды вы пойдзеце працаваць. Памятайце, што дзверы нашага ўніверсітэта заўсёды адчынены для вас!
Падчас цырымоніі Ірына Фёдараўна ўручыла выпускнікам лісты падзякі і акадэмічныя знакі аб заканчэнні ўніверсітэта.
Са словамі падзякі ад імя ўсіх выпускнікоў да прысутных звярнуўся выпускнік юрыдычнага факультэта Данііл Круцько, які адзначыў, што ўніверсітэцкія гады – самыя цудоўныя ў жыцці кожнага чалавека.
Афіцыйная частка мерапрыемства скончылася традыцыйным ускладаннем кветак да помніка воінам-вызваліцелям у парку імя Жылібера, а таксама да бюста Янкі Купалы.