На факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму для студэнтаў спецыяльнасці “Гісторыя”, якія скончылі 1 курс, арганізавана археалагічная практыка ў палявых умовах.
Улетку пасля заканчэння 1 курса юнакі і дзяўчаты, будучыя гісторыкі, адпраўляюцца ў экспедыцыі, дзе знаёмяцца з асноўнымі прынцыпамі працы ў палявых умовах, набываюць практычныя навыкі прымянення метадаў археалагічных даследаванняў, а таксама вывучаюць гістарычныя і культурныя помнікі.
Адным з помнікаў, на месцы якога і праходзіць практыка студэнтаў, з’яўляецца помнік “Кавальцы-І”. Ён знаходзіцца непадалёку ад Гродна на месцы ўпадзення ракі Горніца ў Нёман, на тэрыторыі Капцёўскага сельскага Савета Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці.
Даведацца, як праходзяць тры тыдні ў паходных умовах, нам удалося падчас паездкі на базу размяшчэння экспедыцыі і размовы з удзельнікамі практыкі.
– Археалагічная практыка студэнтаў – першы крок у сучасную археалогію, – расказвае кіраўнік практыкі, загадчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Сяргей Піваварчык. – Нашы продкі паўсюль пакідалі сляды свайго знаходжання. Студэнтаў мы вучым даследаваць гэтыя сляды. Палявая частка – гэта пачатковая кропка, ад якой мы рухаемся далей. Знаходка падчас раскопак не вырашае праблем – далей павінен быць аналіз. Разам з тым матэрыял для аналізу можна атрымаць толькі ў ходзе раскопак.
Алесь Гаршкоў, аспірант факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, займаецца праблемай першапачатковага засялення тэрыторыі Беларусі.
– “Кавальцы-І” – гэта археалагічны помнік фінальнага палеаліту, – расказвае Алесь. – Яго ўзрост прыкладна 13 000–17 000 гадоў. Побач з гэтым месцам былі знойдзены цікавыя артэфакты. Каштоўнасць помніка ў тым, што ён дазваляе па-новаму паглядзець на гістарычныя і прыродныя працэсы і лепш зразумець, што адбывалася ў старажытнасці на нашай тэрыторыі.
Пакуль археолагі паглыбіліся на 1 метр і 40 сантыметраў, але ўжо адкапалі цікавыя знаходкі: два наканечнікі, якім прыкладна 12 000 год, шмат прылад працы, а таксама аб’ект круглай формы.
– Якога часу знаходкі, пакуль сказаць цяжка, бо яны змыты воднымі патокамі, трэба праводзіць аналіз, каб вызначыць дакладны час і пароду. Асноўная наша задача – прайсці пласт жвіру і паглядзець, што знаходзіцца ніжэй, – падзяліўся Алесь Гаршкоў.
Знойдзеныя падчас раскопак шчэпы, лускавіны, нуклеусы студэнткі мыюць, сушаць, раскладваюць па асобных пакетах, якія падпісваюцца і нумаруюцца.
Ёсць у маладых археалогаў і выпрацаваны рэжым працы і адпачынку. Пад’ём – у 7.00, у 7.15 – сняданак, у 8.00 – выхад на раскопкі. Праца працягваецца да 14.00. Далей абед і насычаны адпачынак.
У тым, што час, праведзены ў “полі”, пакіне незабыўныя ўражанні, упэўнена студэнтка 2 курса спецыяльнасці “Гісторыя (айчынная і ўсеагульная)” Дар’я Качалка:
– Я ні на хвіліну не пашкадавала, што паступіла на спецыяльнасць “Гісторыя”, а падчас практыкі пачала задумвацца аб тым, каб у будучым звязаць сваё жыццё з археалогіяй. Гэты час мы запомнім на ўсё жыццё, асабліва вечары з гітарай.
Думкі аб тым, каб звязаць свою будучыню з археалогіяй, прытрымліваецца і студэнт 2 курса спецыяльнасці “Гісторыя (археалогія)” Мікіта Каспер:
– Я рады, што магу ўжывую дакрануцца да даўніны, праводзячы архелагічныя раскопкі, таксама рады, што стаў удзельнікам фіксацыі, замалёўкі і раскрыцця аб’екта археалагічнага даследавання. Я так захапіўся раскопкамі, што ў будучым хачу звязаць свой жыццёвы і прафесійны шлях з археалогіяй. Падчас практыкі таксама дакладна вызначыўся з тэмай далейшых даследаванняў. Хачу даследаваць магільнікі.
Эмоцыянальна пра практыку расказала і Ангеліна Парыпа, студэнтка 2 курса спецыяльнасці “Гісторыя (археалогія)”:
– Я ўпэўнена, што больш за ўсё запомняцца пачуцці, якія мы тут адчуваем. Пра жыццё ў палявых умовах я раскажу сваім знаёмым, а ў будучым – сваім дзецям. Я ніколі не думала, што археалогія – гэта так цікава!
Археалагічныя раскопкі натхнілі студэнта 2 курса спецыяльнасці “Гісторыя (айчынная і ўсеагульная)” Паўла Жабінскага пайсці пасля вучобы ў дарослую навуку: ён ужо марыць паступіць у магістратуру, а далей, магчыма, і ў аспірантуру. Павел акуратна паклаў рыдлёўку на зямлю і з захапленнем адзначыў:
– Зараз мы здымем гэты слой, а пад ім – жвір, дзе ўжо пачынаюцца знаходкі. Спадзяюся, нам удасца адкапаць рэшткі маманта. Галоўнае, што мы набываем падчас практыкі, гэта вопыт і новыя ўменні: мы вучымся замалёўваць квадраты, дзе ў патэнцыяле штосьці магло быць, прасейваць, замалёўваць знаходкі і весці палявы дзённік.
Пасля практыкі ў каманды маладых археолагаў пачнецца вялікая аналітычная праца, паколькі атрыманы матэрыял – гэта сыравіна для новых дадзеных, з якіх потым складаюцца па цаглінках уяўленні аб далёкай і разам з тым такой блізкай старажытнасці.