Падчас працы традыцыйнага свята народаў і нацыянальнасцей – XIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродна адбыўся VI фестываль кнігі “Гарадзенскі ЛітФэст”. Інтэрактыўную пляцоўку “Песняры зямлі беларускай”, прысвечаную 140-годдзю з дня нараджэння класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, прадставіла навуковая бібліятэка нашага ўніверсітэта.
У межах працы пляцоўкі была арганізавана выстава кніг класікаў з фонду бібліятэкі, знаёмячыся з якой, кожны ахвотны мог прачытаць той ці іншы твор юбіляраў. Віктарына па творчасці класікаў давала магчымасць удзельнікам свята ўзнавіць свае школьныя веды па роднай літаратуры, а таксама знайсці адказы на прапанаваныя пытанні, звяртаючыся да гістарычнага матэрыялу ці папросту лагічна падыходзіць да вызначэння правільнага адказу.
Адным з найбольш захапляльных мерыпрыемстваў “Гарадзенскага ЛітФэсту”, які сёлета праводзіўся пад дэвізам “Нас яднае Беларусь”, была арганізаваная купалаўцамі акцыя “Класікаў слова гучыць па ўсім свеце”, падчас якой чыталіся творы Янкі Купалы і Якуба Коласа ў арыгінале, а таксама на шматлікіх замежных мовах. Удзельнікамі акцыі сталі як беларускія, так і замежныя студэнты. Не абыйшлося і без сюрпрызаў: студэнт юрыдычнага факультэта Бяхруз Курбонаў прапанаваў свой мілагучны пераклад верша Якуба Коласа “Нёман” на ўзбекскую мову.
Выклікала цікавасць у жыхароў і гасцей горада забаўляльная гульня “Веру – не веру”, дзе жыхары і госці горада імгненна пагаджаліся ці не з пэўным меркаваннем пра класікаў, якое прапаноўвалася.
Аматарам і знаўцам паэзіі супрацоўнікі навуковай бібліятэкі прапанавалі паэтычны батл, удзельнікі якога праз цытаванне твораў дэманстравалі свае веды ў спасціжэнні спадчыны песняроў.
Падчас працы фестывалю кнігі адбылося ўзнагароджанне пераможцаў абласнога конкурсу самаробнай лялькі “Вернісаж літаратурных герояў”. Падзяку і ўзнагароды ад Купалаўскага ўніверсітэта атрымалі аўтары, якія стварылі лялечныя прататыпы герояў твораў Янкі Купалы: драмы “Раскіданае гняздо” і верша “Хлопчык і лётчык”.
Ужо стала добрай традыцыяй, што ў фестывальныя дні актыўна прадстаўляюць свае краіны нашы замежныя студэнты. Так, сёлета яны прымалі актыўны ўдзел у канцэртнай праграме “Вянок дружбы”.
Усе госці інтэрактыўнай пляцоўкі мелі магчымасць пазнаёміцца з універсітэтам, атрымаць актуальную інфармацыю для абітурыентаў, а пераможцы конкурсаў яшчэ і сімвалічныя падарункі ад шматтысячнай купалаўскай сям’і.