4 ліпеня ў аграгарадку Канвелішкі адбылася прэзентацыя першай кнігі з серыі "Мая Воранаўшчына" - "Воранаўшчына лірычная", якая стала вынікам плённага супрацоўніцтва Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Воранаўскага раёна.
Сёлета фальклорная практыка студэнтаў 1 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” чарговы раз праходзіла ў Воранаўскім раёне на базе ДУА “Вучэбна-педагагічны комплекс Канвелішскія яслі-сад-сярэдняя школа”. На працягу выязнога перыяду з 27 чэрвеня па 5 ліпеня студэнты збіралі фальклорныя творы ў вёсках Канвелішкі, Малыя Канвелішкі, Навіянка, Слёзкі, Утканы, Пашэлі, Чырканцы, Больценікі, Падзягуці, Лянцішкі, Свілы і інш. Практыкантамі быў сабраны значны аб’ём народных твораў разнастайнай жанравай палітры: гэта легенды і паданні, каляндарна-абрадавыя і сямейна-абрадавыя песні, творы пазаабрадавай лірыкі, загадкі, прымаўкі і прыказкі. Вялікая ўвага надавалася краязнаўчаму аспекту практыкі, спасціжэнню мясцовай спецыфікі культуры Воранаўскага краю.
Вынікам працяглага супрацоўніцтва з Воранаўскім раёнам (з 2007 года) стала прэзентацыя першай кнігі з серыі “Мая Воранаўшчына” – “Воранаўшчына лірычная”, у якой сабраны вершы педагогаў і вучняў Воранаўскага раёна. Прадмову “Тут зямля такая…” да кнігі напісалі дацэнты кафедры беларускай філалогіі Руслан Казлоўскі і Аліна Сабуць, якія падкрэслілі самабытную адметнасць ліры паэтаў-аматараў Воранаўскага краю. На прэзентацыі зборніка з вітальным словам выступілі старшыня Воранаўскага выканаўчага камітэта Дзмітрый Захарчук, старшыня Воранаўскага савета дэпутатаў Алена Ганевіч, загадчык Воранаўскага раённага аддзела адукацыі Валянціна Люленка. Слова таксама ўзялі Руслан Казлоўскі і Алена Сабуць, а студэнты, школьнікі і настаўнікі прадставілі свае аўтарскія вершы.
З рук старшыні Воранаўскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыя Захарчука дацэнты кафедры беларускай філалогіі Руслан Казлоўскі і Аліна Сабуць атрымалі Падзячныя лісты за высокія дасягненні ў сацыяльна-культурнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у развіццё і захаванне культурнай спадчыны Воранаўскага раёна.
Час практыкі скончыўся, але наперадзе новыя вышыні і дасягненні. У бліжэйшы час плануецца выданне яшчэ дзвюх кніг з серыі “Мая Воранаўшчына” – “Воранаўшчына эпічная” і фальклорнага зборніка “Воранаўшчына ў легендах і паданнях”, апошняя з якіх стане вынікам плённай шматгадовай фалькларыстычнай збіральніцкай працы выкладчыкаў і студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.