Студэнты змаглі абагаціць свае веды і яшчэ больш пранікнуцца духам беларускай мовы і нацыянальнай культуры. Экскурсіі адбыліся ў рамках Тыдня беларускай мовы, які зараз праходзіць у краіне.
Студэнты 1 курса дзённай формы навучання спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя» сумесна са старшым выкладчыкам кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання Святланай Грынько наведалі Музей Максіма Багдановіча.
Заняткі па беларускай мове былі арганізаваны ў форме экскурсіі. Першакурснікі мелі магчымасць пачуць шмат цікавых фактаў з жыцця класіка беларускай літаратуры, паслухаць яго вершы, убачыць асабістыя рэчы паэта, а таксама адчуць творчую сямейную атмасферу, якая панавала ў доме Багдановічаў у канцы ХIХ стагоддзя. Свае адносіны да пачутага і ўбачанага ў музеі, як і веданне арфаграфіі беларускай мовы, студэнты змогуць выказаць пры напісанні эсэ «Загадка Максіма Багдановіча».
Не менш цікавая экскурсія была ў студэнтаў 1 курса спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя». Яны таксама пад кіраўніцтвам Святланы Грынько наведалі Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей, на базе якога адбыліся практыкаарыентаваныя заняткі па дысцыпліне «Асновы краязнаўства». Падчас заняткаў у форме экскурсіі першакурснікі не толькі пазнаёміліся з найбагацейшым музейным фондам, убачылі ўнікальную тэхналогію падвойнага ткацтва, адчулі дух беларускай хаткі канца 19 стагоддзя, але і спазналі формы і метады працы па рэгіянальным краязнаўстве, што, безумоўна, спатрэбіцца ў будучай педагагічнай дзейнасці.