16 лістапада ў навуковай бібліятэцы Купалаўскага ўніверсітэта адбылася прэзентацыя ўнікальнага выдання “Табой я жыў, табой жыву…”, прысвечанае Марыі Дзмітрыеўне Каменскай, жонцы Якуба Коласа.
Кніга змяшчае ўспаміны блізкіх, сваякоў, фрагменты ліставання, дакументы і прысвячэнні, а таксама ўнікальныя фотаматэрыялы.
На ўрачыстае мерапрыемства завіталі ўкладальніцы кнігі – унучка Якуба Коласа Вера Данілаўна Міцкевіч і галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, праўнучка класіка Васіліна Валер’еўна Міцкевіч. Госці распавялі пра вялікую навуковую працу, якую трэба было зрабіць, каб кніга пабачыла свет і была прадстаўлена шырокаму колу чытачоў, і выказалі падзяку Выдавецкаму дому “Звязда” за шыкоўнае выданне, якое стане сапраўдным падарункам для тых, хто цікавіцца жыццём і творчасцю паэта.
Кніга стварае мастацкія партрэты як жонкі класіка, так і самога Якуба Коласа, іх найбліжэйшага атачэння. Праз лісты адкрываецца ўнутраны сусвет сям’і. Як было адзначана падчас прэзентацыі, выданне можа паслужыць падручнікам па сямейным выхаванні.
Падчас прэзентацыі шмат пытанняў было зададзена ўкладальнікам выдання. Так, студэнты і выкладчыкі цікавіліся ўзаемаадносінамі ў сям’і Якуба Коласа, выданнем энцыклапедыі, прысвечанай пісьменніку, дапаўненнем 20-томнага збору твораў класіка, радаводным дрэвам Міцкевічаў і інш.
Сімвалічна, што прэзентацыя кнігі і знаёмства купалаўцаў з нашчадкамі класіка беларускай літаратуры праходзіць ў юбілейны год, калі ў Беларусі адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа.