16 студзеня ў сярэдняй школе № 39 імя І. Д. Лебедзева горада Гродна пачаўся Тыдзень гісторыі, геаграфіі і мастацва, у якім актыўны ўдзел прымае філіял кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістрычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы.
Сябры студэнцкага навуковага калектыву «Археалагічны гурток» прадставілі перасоўную выставу археалагічных артэфактаў Беларускага Панямоння. Навучэнцы змаглі пазнаёміцца з археалагічнай спадчынай роднага краю. Для школьнікаў правялі майстар-клас па вырабе старажытных прыладаў працы з крэменю, а таксама прачыталі лекцыю «Паляванне на маманта», прысвечаную ўзаемадзеянню чалавека і маманта на тэрыторыі Беларусі ў палеаліце.
Важнасць вывучэння гісторыі беларускага народа, захавання гістарычнай памяці, а таксама блок пытанняў прафесійнага выбару былі абмеркаваны на дыялогавай пляцоўцы «Аб падручніку гісторыі і не толькі».
Удзельнікамі сталі прадстаўнікі факультэта гісторыіі камунікацыіі і турызму і вучні старшых класаў, зацікаўленыя гісторыяй і, магчыма, гатовыя звязаць з ёй жыццё ці здаваць экзамен пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі.
Вучэбны дапаможнік па гісторыі Беларусі для 10 класа прадставіў аўтар і рэдактар Віктар Белазаровіч, дэкан факультэта. Ён расказаў старшакласнікам аб прынцыпах стварэння навучальнай літаратуры, аб патрабаваннях да падручнікаў, аб развіцці і стане сучаснай гістарычнай навукі і адукацыі. Разам з экспертамі ўдзельнікі падвялі вынікі і зразумелі, наколькі важна навучыцца аналізаваць і супастаўляць факты, разумець гістарычную рэальнасць. Выкладчыкі факультэта адказалі на шматлікія пытанні ўдзельнікаў дыялогавай пляцоўкі і запрасілі працягнуць адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Янкі Купалы.