Амаль увесь студзень у праваслаўным календары прысвечаны калядным святам, таму і тэма чарговага пасяджэння дыскусійнага клуба “Праваслаўныя чацвяргі”, створанага ў межах супрацоўніцтва Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы з Гродзенскай епархіяй, – “Калядныя традыцыі”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел супрацоўнікі і ветэраны-купалаўцы.
Падчас пасяджэння клуба протаіерэй Аляксандр Балоннікаў, настаяцель Свята-Барыса-Глебскай Каложскай царквы звярнуў увагу на традыцыі і абрады, звязаныя з Нараджэннем Хрыстовым і Хрышчэннем, распавёў гісторыю святаў і іх раздзелу.
Удзельнікаў клуба цікавілі такія пытанні, як мэта асвячэння жылля, ежы, прадметаў, ці можа сам чалавек без святара асвяціць свой дом і інш.
Цікавымі былі развагі прысутных пра тое, дзе, згодна з хрысціянскім веравучэннем, заканчваецца абрад і пачынаюцца забабоны, прымхі. Таксама ўвага была звернута на мерапрыемствы, звязаныя з вадохрышчам і выкарыстаннем асвечанай у царкве вады ў паўсядзённым жыцці хрысціяніна.