З 4 па 16 жніўня ў Купалаўскім універсітэце працуе Летняя школа беларускай мовы і культуры «Пад светлым іменем Купалы» для замежных слухачоў.
Адказны арганізатар – дырэктар Навуковай бібліятэкі Купалаўскага ўніверсітэта Мікалай Грынько расказаў аб тым, што ўпершыню Летняя школа беларускай мовы і культуры была арганізавана ў 2019 годзе і стала вынікам сумеснай працы філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы з МДУ імя М.В. Ламаносава. Так, удзельнікамі школы сталі пераможцы конкурсу «Пазнай Беларусь з намі», які праводзіцца Цэнтрам беларускай мовы, літаратуры і культуры на філалагічным факультэце МДУ імя М.В. Ламаносава. Пераможцы конкурсу за кошт Купалаўскага ўніверсітэта праходзяць навучанне ў школе беларускай мовы і культуры.
Аляксандр Курэк, студэнт Гейдэльбергскага ўніверсітэта – другі раз удзельчае ў праекце «Пад светлым іменем Купалы»:
− Мяне вельмі ўразіла гісторыя Беларусі, і я хачу не толькі глыбей пазнаць культурныя асаблівасці народа, але і больш дасканала вывучыць мову, − адзначыў Аляксандр.
− Гэты праект дапамагае нам, замежным студэнтам, пагрузіцца ў культурнае асяроддзе Беларусі. Летняя школа беларускай мовы і культуры дае магчымасць атрымліваць новыя веды аб традыцыях і фальклоры беларускага народа. Экскурсіі, майстар-класы, заняткі − усё гэта з'яўляецца добрым спосабам паглыблення ў культуру Беларусі, − адзначыла Дар’я Гальцова, выкладчык Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта, удзельніца Летняй школы беларускай мовы.
Экскурсіі ў музеі і вандроўкі па гістарычных мясцінах Гродна і Беларусі сталі добрай традыцыяй Летняй школы беларускай мовы. Замежныя госці ўжо наведалі Гродзенскую абласную бібліятэку імя Я.Ф. Карскага, музеі Максіма Багдановіча і Элізы Ажэшкі. Таксама дружным гуртам шпацыравалі па Каложскім парку, а ў межах праграмы выхаднога дня наведалі Парэчча. На гэтым тыдні ўдзельнкі школы пабачаць новыя мястэчкі і гарады Беларусі − Навагрудак, Завоссе, Астрына, Васілішкі, Мажэйкава, Шчучын.
−Я вывучаю розныя мовы, напрыклад, ангельскую, нямецкую, лацінскую і старажытнагрэчаскую. Мне падабаецца лінгвістыка, і вывучэнне беларускай мовы не з’яўляецца выключэннем, − расказаў Петр Фядосаў, студэнт філалагічнага факультэта МДУ імя М.В. Ламаносава.
Нагадаем, у гэтым годзе вывучаць беларускую мову будуць прадстаўнікі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава, Гейдэльбергскага ўніверсітэта, Інстытута рускай мовы і культуры, Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта і замежныя студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы.
Ужо 16 жніўня Летняя школа беларускай мовы і культуры ўручыць сертыфікаты навучэнцам аб заканчэнні дадзенага адукацыйнага праекта. Арганізатарамі праекта з’яўляюцца Навуковая бібліятэка і філалагічны факультэт Купалаўскага ўніверсітэта.