У выхадныя дні ў ГрДУ імя Янкі Купалы замежныя слухачы з захапленнем наведвалі заняткі ў Летняй школе беларускай мовы і культуры «Пад светлым іменем Купалы». Праграма заняткаў насычаная і цікавая.
12 жніўня для замежных слухачоў заняткі правеў адказны арганізатар школы – дырэктар Навуковай бібліятэкі Купалаўскага ўніверсітэта Мікалай Грынько. Удзельнікі Летняй школы беларускай мовы і культуры «Пад светлым іменем Купалы» пачыталі неўміручую «Новую зямлю» Якуба Коласа, навучыліся выкарыстоўваць зборныя лічэбнікі, даведаліся, як пішуцца галосныя е, ё, я ў беларускай мове, узнавілі правапіс зычных.
У межах праграмы выхаднога дня, 13 жніўня, слухачы Летняй школы беларускай мовы і культуры наведалі музей беларускай паэткі Цёткі, які знаходзіцца ў мястэчку Астрына. Потым падарожжа прывяло да Старых Васілішак. Там вандроўцы наведалі неагатычны касцёл, пабудаваны на самым пачатку ХХ стагоддзя. У касцёле знаходзіцца арган, на якім дазваляюць пайграць асаблівым гасцям. Наступным прапынкам стала царква абарончага тыпу ў Мураванцы, што месціцца паміж Шчучынам і Лідай.
Праз падарожжы і гісторыю ўдзельнікі Летняй школы «Пад светлым іменем Купалы» вывучаюць беларускую мову. Вывучэнне мовы праз гісторыю можа быць карысным для разумення паходжання слоў, граматычных канструкцый і культурных нюансаў. Слухачы атрымліваюць глыбокае разуменне мовы і яе культурных кантэкстаў, што можа зрабіць іх больш кампетэнтнымі і эфектыўнымі ў выкарыстанні мовы ў рэальных сітуацыях.
Ужо 16 жніўня Летняя школа беларускай мовы і культуры ўручыць сертыфікаты навучэнцам аб заканчэнні дадзенага адукацыйнага праекта. Нагадаем, арганізатарамі праекта з’яўляюцца Навуковая бібліятэка і філалагічны факультэт Купалаўскага ўніверсітэта.