Прысвечаная Году якасці канференцыясёлета адзначае свой маленькі юбілей –5 гадоў. Да своеасаблівага святкавання далучыліся навучэнцы 13 навучальных устаноў – каледжаў і школ Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.
Гібрыдны фармат мерапрыемства дазволіў удзельнікам прадставіць 84 работы вочна, завочна і дыстанцыйна. 97 маладых даследчыкаў пад кіраўніцтвам 58 педагогаў падрыхтавалі рознапланавыя практыка-арыентаваныя работы, у якіх даследуюцца пытанні арганізацыі навучання ў дзіцячым садзе і пачатковай школе, захавання беларускіх традыцый, экалагічнай і інклюзіўнай культуры, турыстычнай спадчыны Ваўкавышчыны, памяці пра Вялікую Айчынную вайну, уплыву фізічных і хімічных рэчываў на арганізм чалавека, а таксама лінгвістычныя і метадычныя аспекты вывучэння замежных моў.
Навучэнцы прадставілі свае вынаходніцтвы, якія ўжо маюць практычнае прымяненне і ў будучым могуць стаць прадуктам прамысловай вытворчасці і палепшыць жыццё: гэта электронны кій з праграмным кіраваннем для невідушчых, цёплая экаштукатурка, святлівая перфараваная плітка, цеплаізаляцыйная цэгла.
Канферэнцыя насіла конкурсны характар, кампетэнтнае журы з ліку навучэнцаў і выкладчыкаў ацэньвала ўдзельнікаў і заахвочвала дыпломамі, а ўсе навуковыя кіраўнікі атрымалі падзякі ад арганізатараў. Сёлетняе мерапрыемства прадэманстравала высокі якасны ўзровень даследчых работ навучэнцаў, руплівую і адказную працу іх навуковых кіраўнікоў, высокую зацікаўленасць сучаснай моладзі навуковай справай.