21 мая ў раёне вёскі Нямнова прайшоў моладзевы турысцка-спартыўны злёт «Аўгустоўскі канал – гісторыя, якая стала легендай». Мерапрыемства адбылося ў межах святкавання 200-годдзя з пачатку будаўніцтва Аўгустоўскага канала і прысвечана гераізму абаронцаў унікальнай гідратэхнічнай канструкцыі першай трэці ХІХ стагоддзя і беларускай зямлі ад германскай агрэсіі ў гады Першай і Другой сусветных войнаў.
Некалькі каманд розных спецыяльнасцей факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, а таксама каманда юрыдычнага факультэта падчас злёту-квесту паспрабавалі адказаць на дзясяткі пытанняў, звязанных з гісторыяй, культурай і прыродным багаццем Аўгустоўскага краю.
Пасля ўдалага праходжэння квэсту капітаны каманд спаборнічалі ў індывідуальных конкурсах, якія патрабавалі ад іх як інтэлектуальных, так і фізічных намаганняў. У выніку вызначыліся пераможцы – каманда студэнтаў спецыяльнасці «Турызм і гасціннасць».