22 мая студэнты педагагічнага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта наведалі Гродзенскую абласную навуковую бібліятэку імя Я.Ф.Карскага, дзе адбылася цікавая сустрэча-дыскусія «Чытаць ці не чытаць?» пра ролю сямейнага чытання ў жыцці.
Купалаўцы разам з куратарам і старшым выкладчыкам кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ імя Янкі Купалы Святланай Грынько прынялі удзел у цікавым мерапрыемстве.
Пра значэнне кнігі ў сямейным выхаванні студэнтам распавяла Людміла Кебіч, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення «Саюз пісьменнікаў Беларусі», якая таксама прачытала шмат сваіх вершаў, напісаных для дзяцей.
Пра разнастайныя дзіцячыя выданні мастацкіх твораў распавялі і супрацоўнікі бібліятэкі. Вельмі ўразіла ўсіх прысутных выступленне дырэктара Гродзенскага музычнага каледжа Ганны Сарасек, якая прачытала казку «Піліпка-сынок» пад музычнае суправаджэнне невялікага аркестра. Успамінамі пра кнігі, якія чыталіся ў дзяцінстве, і сваімі захапленнямі мастацкай літаратурай падзялілася і куратар групы Святлана Грынько.
Студэнты-купалаўцы былі вельмі задаволены атрыманым дыялогам. Такія сустрэчы пазітыўна спрыяюць развіццю крытычнага мыслення, уменню аргументаваць сваю пазіцыю, а таксама паляпшэнню камунікатыўных навыкаў.