Ужо стала добрай традыцыяй на пачатку жніўня сустракаць у Купалаўскім універсітэце замежных грамадзян – удзельнікаў Летняй школы беларускай мовы і культуры “Пад светлым іменем Купалы”, якая сёлета праходзіць чацвёрты раз.
Летняя школа беларускай мовы і культуры – адукацыйна-асветніцкі праект навуковай бібліятэкі для тых, хто цікавіцца мовай, літаратурай, культурай, гісторыяй, традыцыямі Беларусі. Штогод удзельнікам акрамя шматлікіх заняткаў па беларускай мове, літаратуры, фальклоры, культуры, гісторыі прапануюцца цікавыя і змястоўныя экскурсіі па Гародні і вобласці, разнастайныя майстар-класы, квэсты, інтэрактыўныя гульні і інш.
Сёлета Летняя школа сабрала звыш 15 удзельнікаў з Расіі, Польшчы, Казахстана. Традыцыйна ўдзел прымаюць студэнты Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава, пераможцы конкурсу “Пазнай Беларусь з намі”, які праводзіць навуковая бібліятэка Купалаўскага ўніверсітэта ў межах дзейнасці Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і культуры, што працуе на базе філалагічнага факультэта МДУ імя М.В. Ламаносава.
У бягучым годзе сярод сёлетніх удзельнікаў ёсць і тыя, хто наведвае Летнюю школу не першы раз. Напрыклад, Аляксандра Шырокава, супрацоўнік кафедры славянскай філалогіі МДУ імя М.В. Ламаносава. Аляксандра ўпершыню прыняла ўдзел у Летняй школе ў 2019 годзе як пераможца конкурсу “Пазнай Беларусь з намі”.
Дар’я Гальцова, выкладчык кафедры славянскай філалогіі і Марыя Прышэльцава, магістрантка Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта, прыехалі ў Гародню другі раз.
Таксама другі раз прымаюць удзел у працы Летняй школы студэнты Маскоўскага ўніверсітэта Валерыя Караваева, Антон Зубялевіч і Пётр Фядосаў.
У найбліжэйшыя два тыдні ўдзельнікі наведаюць Музей гісторыі рэлігіі, Стары замак, Каложу, прымуць удзел у майстар-класах па вырабе беларскіх дыванкоў і саламяных вырабаў, паспрабуюць свае сілы ў батле “Караоке па-беларуску” і ў прыгатаванні традыцыйных беларускіх страў, наведаюць Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы музей, а таксама падчас падарожжа па Гродзенскай вобласці змогуць убачыць ікону Жыровіцкай Божай Маці і царкву абарончага тыпу ў Сынкавічах.