Сябры студэнцкай навукова-даследчай археалагічнай лабараторыі, а таксама студэнты 1–4 курсаў і магістранты спецыяльнасці «Гісторыя» прынялі ўдзел у археалагічнай разведцы.
Археалагічная разведка прайшла пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук, загадчыка аддзела археалогіі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Алены Касюк і старшага выкладчыка кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандра Гаршкова.
Даследаванні праводзіліся ў басейнах малых рэк – правых прытокаў першага і другога парадку Нёмана – Чарнуха і Гожка (Гажанка) каля населеных пунктаў Багушоўка, Гумбачы, Цідовічы. Накіраваны яны былі на пошук помнікаў каменнага веку, эпохі рымскіх уплываў і Вялікага перасялення народаў. У выніку праведзенай разведкі было пройдзена каля 20 км, абследавана плошча больш за 18 гектараў, дзе былі адкрыты 7 новых археалагічных аб’ектаў ад каменнага веку да сярэднявечча.