24 кастрычніка ў вучэбным корпусе па вуліцы Леніна,32 адбылося ўрачыстае адкрыццё аўдыторыі, названай у гонар доктара філалагічных навук, прафесара Івана Якаўлевіча Лепешава. Славутаму беларускаму мовазнаўцу сёлета споўнілася б 100 гадоў.
Унёсак прафесара Івана Якаўлевіча Лепешава ў беларускую навуку немагчыма пераацаніць: на аўтарскім рахунку вучонага 650 артыкулаў і 47 кніг, сярод якіх 8 манаграфій, 17 слоўнікаў, 14 вучэбных дапаможнікаў і 8 навукова-папулярных кніг. Грунтоўныя даследаванні Івана Якаўлевіча Лепешава па лінгвістыцы, літаратуразнаўстве, асобных пытаннях айчыннай гісторыі прайшлі выпрабаванне часам і пацвердзілі сваю навуковасць, доказнасць і запатрабаванасць.
Права адкрыць імянную аўдыторыю, памятную дошку і стэнд у гонар Івана Якаўлевіча Лепешава было дадзена прарэктару па навуковай працы Натальі Башун і намесніку дэкана філалагічнага факультэта Аксане Кавальчук. Прарэктар падкрэсліла выключна самаадданую і карысную працу вучонага на навуковай і педагагічнай ніве. З уступным словам да выкладчыкаў і студэнтаў звярнулася загадчык кафедры беларускай філалогіі Алена Станіславаўна Садоўская, якая адзначыла, што ў сценах Купалаўскага ўніверсітэта прайшоў самы плённы перыяд навуковай дзейнасці прафесара.
Цёплымі ўспамінамі пра сумесную працу на кафедры падзяліліся ганаровы ветэран працы, дацэнт Зінаіда Данільчык і доктар філалагічных навук, прафесар Мікалай Даніловіч, які паставіў асобу Івана Якаўлевіча Лепешава ў адзін шэраг з такімі выдатнымі славістамі, як І. Насовіч, М. Федароўскі і Я. Карскі.
У расказах запрошаных гасцей Зоі Тамашэвіч, Ганны Крофты, Тамары Прадзед, былой студэнткі, пазней – галоўнага спецыяліста абласнога ўпраўлення адукацыі, постаць прафесара Івана Якаўлевіча Лепешава згадвалася ў самых светлых фарбах. Дырэктарам бібліятэкі ўніверсітэта Мікалаем Грынько, а таксама яе супрацоўнікамі, была арганізавана выстава і прэзентацыя навукова-педагагічнай спадчыны прафесара Івана Якаўлевіча Лепешава, прадэманстраваны бібліяграфічны паказальнік навуковых прац, выдадзены імі да 100-годдзя з дня нараджэння мовазнаўцы.
У сэрцах калег і ўдзячных вучняў назаўсёды застанецца памяць аб Івану Якаўлевічу як аб сапраўдным навукоўцу, выдатным настаўніку і Чалавеку.