На ўрачыстым адкрыцці канферэнцыі Ігар Васільевіч Жук, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай літаратуры ГрДУ звярнуў увагу прысутных на тое, што сёлетнія Купалаўскія чытанні пройдуць пад знакам трох юбілеяў. Па-першае, сто гадоў таму выйшаў паэтычны зборнік Янкі Купалы “Гусляр”. Па-другое, 15 гадоў прайшло з таго моманту, як аднавілася добрая традыцыя правядзення канферэнцыі. І, па-трэцяе, непасрэдна 70 гадоў прайшло з дня заснавання буйнейшага рэгіянальнага універсітэта нашай краіны.
З гэтай нагоды ад імя рэктарата удзельнікаў канферэнцыі павіншаваў старшыня аргкамітэта па правядзенню мерапрыемства першы прарэктар Іван Рыгоравіч Бурлыка. Ён зазначыў, што цікавасць да канферэнцыі не слабее – у гэтым годзе да ўдзелу ў ёй было пададзена звыш 90 заявак. ГрДУ, універсітэт, які з гонарам носіць імя славутага паэта-пясняра, сустракаў шматлікіх гасцей з Гомеля, Брэста, Баранавічаў, Мазыра, Мінска, Магілёва, Віцебска, Беластока. У іх ліку былі не толькі прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў, але і Інстытута філасофіі НАН Беларусі.
Як справядліва заўважыў адзін з ганаровых гасцей канферэнцыі Вячаслаў Пятровіч Рагойша, доктар філалагічных навук, прафесар, старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы, канферэнцыя даўно выйшла з рамкаў рэспубліканскай. Той факт, што ўдзел у мерапрыемстве прымаюць даследчыкі з Польшчы, азначае яе выхад на міжнародную арэну. Сваё вітанне удзельнікам Купалаўскіх чытанняў Вячаслаў Пятровіч падмацаваў уручэннем І.Р. Бурлыку Дыплома Міжнароднага фонду Янкі Купалы і пасведчання сябра Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску – ГрДУ афіцыйна стаў калектыўным членам купалаўскага фонду. Каштоўным падарункам да 70-гадовага юбілею сталі і кнігі, выдадзеныя за апошні час.
У сваім прывітальным слове Валерый Леанідавіч Варановіч, кандыдат філалагічных навук, дэкан філалагічнага факультэта ГрДУ, прызнаўся, што Купалаўскія чытанні – гэта заўсёды прадчуванне новых адкрыццяў, станоўчых эмоцый.
Урачыстае адкрыццё канферэнцыі прадоўжыла літаратурна-музычная кампазіцыя “Зазвіні ты, Купалава слова!”. Гучалі пранікнёныя купалаўскія радкі, песні на вершы Янкі Купалы. Удзельнікі гарадзенскага фонду “Бацькаўшчына” выканалі добра вядомыя аматарам айчынная паэзіі творы: “Нёман”, “Купалінка” і чароўную кампазіцыю, якая па праву лічыцца духоўным гімнам беларусаў, “Не загаснуць зоркі ў небе”.
Прадоўжылася рэспубліканская навуковая канферэнцыя работай на пленарных пасяджэннях. Рабочымі мовамі канферэнцыі былі беларуская, руская і польская.