31 сакавіка 2010 года адбыўся фінал конкурсу «Мой родны кут, як ты мне мілы”. Конкурс быў ініцыяваны студэнцкім самакіраваннем Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы і быў прысвечаны Году роднай зямлі. Да ўдзелу ў конкурсе было пададзена больш за 20 заявак. У фінал выйшлі лепшыя работы. Журы ў складзе дацэнтаў кафедры гісторыі Беларусі Натальі Альбертаўны Івашчанка і Іны Валер’еўны Соркінай, дацэнта кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму Віталія Рыгоравіча Карнелюка, старшага выкладчыка кафедры беларускай літаратуры Мікалая Уладзіміравіча Грынько і старшыні Савета студэнцкага самакіравання ГрДУ Аляксея Гарашнякова, вылучыла лепшыя работы ў намінацыях. Лепшая мультымедыйная прэзентацыя была зроблена Ганнай Нафікавай (факультэт мастацтваў). Лепшае тэатралізаванае прадстаўленне і лепшую ідэю прадставілі студэнты факультэта эканомікі і кіравання, лепшы экскурсійны праект – навучэнцы Ваўкавыскага каледжа. За лепшае увасабленне вобразаў роднага краю адзначана студэнтка факультэта гісторыі і сацыялогіі Вольга Кірысава. Падарункі ад Савета студэнцкага самакіравання ГрДУ былі ўручаны студэнтцы факультэта гісторыі і сацыялогіі Святлане Гарбачык і навучэнцам Лідскага каледжа Яўгену Залоге і Аляксандру Казлову.