Упраўленне адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта сумесна з педагагічным факультэтам Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы правялі ў рэжыме on-line інтэрактыўную сустрэчу па праблеме гатоўнасці выпускніка факультэта да педагагічнай дзейнасці ў сучасных умовах. У дадзеным мерапрыемстве прыняло ўдзел і аказала вялікую дапамогу ў яго арганізацыі ўпраўленне адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Кіраўнікі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, загадчыкі кафедр педагагічнага факультэта прапанавалі шэраг актуальных пытанняў для абмеркавання: чаму маладыя спецыялісты пасля тэрміну абавязковай адпрацоўкі па размеркаванню застаюцца ці не застаюцца працаваць ва ўстановах адукацыі; ці валодаюць выпускнікі ГрДУ неабходнымі акадэмічнымі кампетэнцыямі; ці задаволены студэнты арганізацыяй педагагічнай практыкі; з якімі праблемамі сутыкаецца малады спецыяліст, які пачынае сваю педагагічную дзейнасць, і шэраг іншых. Выпускнікі ГрДУ засведчылі высокі ўзровень ведаў, атрыманых падчас навучання ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, канстатавалі, што вучоба ў ГрДУ стала фундаментам для далейшай самаадукацыі, самаразвіцця і самаўдасканальвання. Яны ўносілі слушныя прапановы аб магчымых змяненнях у адукацыйным працэсе вышэйшай навучальнай установы, прапанавалі мадэль удасканальвання педагагічнай практыкі. Былі названы магчымыя шляхі ўмацавання практычнай накіраванасці навучання: павелічэнне часу на педагагічную практыку, больш глыбокае засваенне методыкі і тэхналогіі выкладання, магчымасць праходжання стажыроўкі будучых настаўнікаў замежнай мовы ў школах за мяжой, наведванне спецыяльных курсаў, якія б праводзілі выкладчыкі замежных вышэйшых навучальных устаноў; а таксама атрыманне навыкаў ажыццяўлення педагагічнай дыягностыкі, авалодванне метадамі арганізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў на ўроку, прымяненне інавацыйных тэхналогій і некаторыя іншыя. Размовы ў інтэрактыўным рэжыме з маладымі спецыялістамі высветлілі прычыны, якія дазваляюць ім застацца на працы пасля адпрацоўкі па размеркаванню, сярод іх – дастатковая матэрыяльна-тэхнічная база ў школах, спрыяльны мікраклімат у педагагічных калектывах, адпаведныя ўмовы для паспяховай адаптацыі маладых настаўнікаў. Выпускнікі ВНУ выказалі прапанову арганізоўваць канферэнцыі, семінары і трэнінгі па абмену перадавым педагагічным вопытам і новымі педагагічнымі і інфармацыйнымі тэхналогіямі, а таксама прыйшлі да высновы, што першая спроба зносін ва on-line фармаце аказалася вельмі карыснай. Вынікі on-line сустрэчы будуць прааналізаваны на калегіі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, на пасяджэннях савета педагагічнага факультэта, кафедр і метадычных камісій.