Першага верасня ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны Дню ведаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Паўлавіч Латушка; чэмпіён Еўропы, трохкратны чэмпіён міру, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2004 года, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2008 года, выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Іван Рыгоравіч Ціхан; рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Яўгеній Аляксеевіч Роўба, а таксама прарэктары, дэканы факультэтаў і дырэктары каледжаў універсітэта.
Рэктар універсітэта прафесар Яўгеній Аляксеевіч Роўба шчыра павіншаваў прысутных з Днём ведаў, які сімвалізуе для першакурснікаў новы этап у іх жыцці ў сценах старэйшай у Рэспубліцы Беларусь вышэйшай навучальнай установы. Яўгеній Аляксеевіч звярнуўся да лепшых студэнтаў-першакурснікаў, якія атрымалі высокія балы на цэнтралізаваным тэсціраванні, сталі пераможцамі алімпіяд і рознага віду конкурсаў, праявілі сябе ў творчасці, спорце, грамадскім жыцці. Рэктар выказаў спадзяванне, што ўніверсітэцкая супольнасць і бацькі студэнтаў аб’яднаюць свае намаганні і дапамогуць маладому пакаленню пабудаваць шлях у прафесію і ў будучае жыццё.
Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Паўлавіч Латушка сказаў: “Прысутнічаць на інаўгурацыі новага навучальнага года ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы – для мяне вялікі гонар. ГрДУ з’яўляецца адной з вядучых вышэйшых навучальных установаў нашай краіны. Першае верасня – свята і школьнікаў, і студэнтаў, і выкладчыкаў, усіх тых, хто нясе адказнасць за выхаванне падрастаючага пакалення”. Павел Паўлавіч падзякаваў усім тым, хто працуе ў сістэме адукацыі, хто займаецца вучэбнай працай, і пажадаў студэнтам-першакурснікам атрымаць дастойныя веды, неабходныя нашай краіне.
Павел Паўлавіч Латушка ўручыў лепшым студэнтам электронныя студэнцкія білеты. Сярод тых, хто пачынае студэнцкае жыццё з міжнароднай формай гэтага дакумента - студэнтка факультэта гісторыі і сацыялогіі Вераніка Лебядзевіч, якая атрымала максімальную колькасць балаў па выніках цэнтралізаванага тэсціравання ў нашым універсітэце; студэнт факультэта гісторыі і сацыялогіі Ілья Шчадрын, які заняў 3-е месца на рэспубліканскай алімпіядзе па гісторыі; студэнтка філалагічнага факультэта Юлія Навагран, удзельніца форума “Перспектывы здольнай і таленавітай моладзі”, а таксама студэнты факультэта мастацтваў і дызайну Ганна Мачалава і Марына Сялішчава.
Юлія Навагран выступіла ад імя першакурснікаў і зазначыла, што для чалавека, які пачынае свой прафесійны шлях, вельмі важна быць энергічным, ініцыятыўным, займаць актыўную жыццёвую пазіцыю.
Словы віншавання выказаў алімпійскі прызёр, выпускнік ГрДУ Іван Рыгоравіч Ціхан і пажадаў лёгкага хуткага старта, каб студэнцкае жыццё было насычаным рознымі падзеямі і перамогамі. Студэнцкі электронны білет Іван Рыгоравіч уручыў студэнтцы факультэта фізічнай культуры Лізавеце Рассанавай, прызёру чэмпіяната Еўропы па барацьбе самба ў складзе зборнай каманды Рэспублікі Беларусь.
Доктар філалагічных навук, прафесар Марыя Іосіфаўна Канюшкевіч звярнулася да студэнтаў са словамі: “Дарагія студэнты! Віншую вас - вы сталі членамі шматлікай універсітэцкай сям’і!” Марыя Іосіфаўна наказала прысутным: “Ведайце! Умейце! Дзейнічайце!” і заверыла, што выкладчыкі ГрДУ перададуць студэнтам усе свае веды і часцінку сваёй душы. Марыя Іосіфаўна адзначыла студэнтку філалагічнага факультэта Ірыну Яўгенідзэ, якая атрымала самыя высокія балы пры паступленні на спецыяльнасць “Беларуская філалогія” і з пажаданнем поспехаў у вучобе ўручыла свою манаграфію “Беларускія прыназоўнікі і іх аналагі”.
Электронныя студэнцкія білеты ад рэктара універсітэта Яўгенія Аляксеевіча Роўбы атрымалі курсанты ваеннага факультэта Аляксей Шавель і Віктар Царык; студэнты факультэта біялогіі і экалогіі Вольга Угначова, Юрый Клімовіч і Наталля Чугай; студэнтка факультэта гісторыі і сацыялогіі Галіна Аляксеенка; студэнты факультэта матэматыкі і інфарматыкі Аляксандр Кузьма і Сяргей Юрча; студэнты факультэта псіхалогіі Аліна Матвеева і Ксенія Хваленя; студэнты інжынерна-будаўнічага факультэта Таццяна Жамойціна і Ірына Данільчык; студэнты факультэта турызму і сэрвісу Святлана Пінчук і Анастасія Грамыка; студэнты фізіка-тэхнічнага факультэта Дзмітрый Лакісаў і Дзмітрый Сакалоўскі; студэнты факультэта фізічнай культуры Дзмітрый Шах і Наталля Бакун; студэнтка філалагічнага факультэта Алена Сідаровіч; студэнты факультэта эканомікі і кіравання Антон Юхно і Наталля Булаўка; студэнты юрыдычнага факультэта Ядзвіга Кіжанцава і Юлія Вайцюшкевіч; студэнты педагагічнага факультэта Вераніка Саўко і Дар’я Курэцкая; студэнты факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Аляксей Груль і Сяргей Ісакаў; навучэнцы гуманітарнага каледжа Вікторыя Кульбей і Наталля Пальковіч; навучэнцы тэхналагічнага каледжа Наталля Казлова і Сяргей Раюнчюс.
На святочным мерапрыемстве быў прадэманстраваны фільм пра гісторыю і сучасны дзень Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы.
Перад прысутнымі выступілі таксама з музычнымі прывітаннямі калектыў народнай песні “Ясніца”; студэнт 1 курса факультэта гісторыі і сацыялогіі Антон Кухарэвіч; студэнтка 1 курса факультэта мастацтваў і дызайну Эльвіра Лісоўская; фальклорны ансамбль студэнтаў 1 курса факультэта мастацтваў і дызайну “Купалінка”; ансамбль старажытнай музыкі “Мадрыгал”, які выканаў студэнцкі гімн “Gaudeamus”.
Па ўніверсітэцкай традыцыі ў першы дзень новага навучальнага года студэнты-першакурснікі прынеслі ўрачыстую клятву Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы.