Старшыня Гродзенскага аблвыканкама С.Б. Шапіра сустрэўся са студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
На сустрэчы таксама прысутнічалі намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Ігар Георгіевіч Жук і старшыня Гродзенскага гарвыканкама Барыс Мікалаевіч Казялкоў.
Стан і перспектывы развіцця ГрДУ былі прадстаўлены кіраўніцтвам універсітэта.
Сямён Барысавіч Шапіра расказаў аб перспектывах развіцця Гродзенскай вобласці, якое павінна засноўвацца на інавацыйна-інвестыцыйных падыходах. У бліжэйшы час плануецца стварыць пры аблвыканкаме інвестыцыйнае агенцтва і запрасіць на працу ў ім маладых людзей не толькі з веданнем асноў эканомікі і замежных моў, але, галоўнае, з сучасным інавацыйным мысленнем.
Сямён Барысавіч заклікаў студэнтаў і выкладчыкаў ГрДУ правесці сустрэчу ў форме дыялога: яму важна ведаць, якія праблемы турбуюць студэнтаў. Пытанні датычыліся разнастайных сфер: эканоміка і энергазберажэнне, будаўніцтва новых спартыўных аб’ектаў і падтрымка спорту, вяртанне гарадскім вуліцам гістарычных назваў і наданне гораду Гродна статусу культурна-гістарычнай сталіцы Беларусі, адносіны да Балонскага працэсу і размеркаванне выпускнікоў.
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама адзначыў, што праблема недастатковай колькасці месцаў у інтэрнатах вядома дзяржаўным уладам. Прывёў лічбы па ўсіх гродзенскіх вышэйшых навучальных установах. Толькі ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце становішча здавальняючае – 3 працэнты студэнтаў не забяспечаны інтэрнатам. У ГрДУ і медыцынскім універсітэце амаль 50 працэнтаў іншагародніх студэнтаў не забяспечаны месцамі ў інтэрнатах.
На пытанне студэнткі педагагічнага факультэта, старшыні студэнцкага жаночага савета ГрДУ Дзіяны Наумовіч аб мерах па падтрымцы маладых студэнцкіх сем’яў С.Б. Шапіра адказаў, што гатоў разгледзець усе прапановы маладых людзей, каб абмеркаваць іх. Таксама дадаў, што сустрэчы калектыву Гродзенскага ўніверсітэта з кіраўнікамі вобласці павінны стаць рэгулярнымі. Такая двухбаковая сувязь будзе на карысць усім – і ўладам, і гродзенцам. Улада адкрыта для дыялога.
Сямён Барысавіч Шапіра пажадаў усім студэнтам поспехаў, за гады вучобы атрымаць добрыя веды, таму што менавіта сённяшнія студэнты праз невялікі час прымуць на сябе адказнасць за развіццё краіны.
Студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта падарылі старшыні Гродзенскага аблвыканкама ў знак ўдзячнасці за сустрэчу, цікавасць да студэнцкіх праблем карціну студэнта факультэта мастацтваў і дызайна. Сямён Барысавіч запэўніў, што гэты пейзаж абавязкова будзе размешчаны ў сценах Гродзенскага аблвыканкама.