19 лютага Цэнтр даследавання дыяспар і замежнага беларусазнаўства сумесна з Навуковай бібліятэкай ГрДУ імя Янкі Купалы правялі сустрэчу, якая стала значнай падзеяй у культурным жыцці ўніверсітэта. Удзел у мерапрыемстве прынялі студэнты, выкладчыкі, а таксама шырокае кола зацікаўленых беларускай культурай і літаратурай.
Сустрэча пачалася з прывітальнага слова Мікалая Грынько, дырэктара бібліятэкі, які падкрэсліў важнасць вывучэння беларускага слова і неабходнасць падтрымкі і захавання беларускай культурнай спадчыны. У рамках мерапрыемства быў прэзентаваны часопіс «Роднае слова», на старонках якога друкуюцца літаратурна-крытычныя матэрыялы пра творчасць знакамітых айчынных і замежных пісьменнікаў, мовазнаўчыя даследаванні па гісторыі беларускай мовы, функцыянаванні яе ў сучасным грамадстве; адлюстроўваюцца вопыт і дасягненні педагогаў краіны і іншыя цікавыя матэрыялы.
Мадэратарам сустрэчы стаў дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Горны, які расказаў удзельнікам, як аднойчы не ведаў, куды адаслаць фотаздымак Максіма Танка і адпаведны крытычны матэрыял. І звярнуўся да рэдакцыі часопіса «Роднае слова». Аляксандр Сяргеевіч падкрэсліў, што супрацоўніцтва з гэтым выданнем стала для яго важным крокам у прафесійным развіцці. Ён адзначыў, як часопіс стаў пляцоўкай для абмену думкамі паміж даследчыкамі, пісьменнікамі і чытачамі. Удзельнікі сустрэчы з цікавасцю слухалі гісторыі пра тое, як «Роднае слова» спрыяе папулярызацыі беларускай літаратуры і культуры, а таксама пра новыя праекты, якія плануюцца на будучыню.
Галоўны рэдактар часопіса Наталля Шапран і супрацоўнік выдання Сяргей Шапран падзяліліся сваімі думкамі пра актуальныя праблемы беларускай літаратуры, мовы і культуры. Яны заклікалі студэнтаў актыўна ўдзельнічаць у культурным жыцці, пісаць і публікавацца, а таксама падтрымліваць адзін аднаго ў творчых ініцыятывах. Дыскусія была жывой і інтэнсіўнай: студэнты задавалі пытанні, дзяліліся сваімі ідэямі і меркаваннямі, што дазволіла стварыць адкрыты і плённы дыялог.
Падчас сустрэчы былі абмеркаваны новыя тэндэнцыі ў беларускай літаратуры, роля моладзі ў яе развіцці, а таксама перспектывы беларускіх аўтараў у сучасным свеце. Удзельнікі адзначылі, што нягледзячы на складанасці, беларускае слова працягвае жыць і развівацца, а моладзь адыгрывае ключавую ролю ў гэтым працэсе.