VI Міжнародная навуковая канферэнцыя “Адбіткі культурнай і дзяржаўнай дзейнасці князёў Агінскіх” адбудзецца ў ГрДУ 8 кастрычніка 2010 г.
VI Міжнародная навуковая канферэнцыя “Адбіткі культурнай і дзяржаўнай дзейнасці князёў Агінскіх” будзе праходзіць у межах праграмы, прысвечанай 245-й гадавіне з дня нараджэння Міхаіла Клеафаса Агінскага.
Арганізатары мерапрыемства – кафедра гісторыі Беларусі факультэта гісторыі і сацыялогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, Музей гісторыі культуры роду Агінскіх (Літва, г. Рэватас).
У канферэнцыі прымуць удзел навукоўцы з Беларусі і Літвы.
Праблемнае поле канферэнцыі – род Агінскіх на грамадска-палітычнай прасторы свайго часу; уклад роду Агінскіх у культурнае жыццё; фундатарска-мецэнацкая дзейнасць роду Агінскіх.
У працы канферэнцыі прымуць удзел супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг бібліятэкі Акадэміі навук Літвы, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, навукоўцы Беларускай акадэміі навук, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Інстытута гісторыі Літвы, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, гісторыкі і краязнаўцы.
У межах канферэнцыі будзе арганізавана канцэртная праграма з удзелам кампазітара і піяніста, праўнука М.К. Агінскага Іва Залускага (Вялікабрытанія), аркестра Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Клеафаса Агінскага, лаўрэата рэспубліканскіх конкурсаў Аушры Люткутэ (сапрана) (г. Вільнюс, Літва), канцэртмайстара Бірутэ Асявічутэ (фартэпіяна). Адбудуцца прэзентацыя музычнага дыска “Музыка роду Агінскіх” і гісторыка-музычная рэканструкцыя “Бал у Міхаіла Клеафаса Агінскага”.
Адкрыццё навуковай канферэнцыі адбудзецца 8 кастрычніка 2010 года ў 10 гадзін у Новым замку.