29 красавіка на факультэце матэматыкі і інфарматыкі правядуць Дзень адчыненых дзвярэй для школьнікаў.
Дзень кар’еры студэнта факультэта матэматыкі і інфарматыкі “Пачні пісаць сваю гісторыю поспеху!” - мерапрыемства, якое аб’ядноўвае студэнтаў, абітурыентаў, выпускнікоў факультэта і вядучыя кампаніі ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій Гродзенскага рэгіёна і г. Мінска.
Удзельнікамі “Дня кар’еры студэнта” стануць студэнты і школьнікі, якія змогуць пагутарыць з патэнцыйнымі працадаўцамі, даведацца пра патрабаванні да кандыдатаў, асаблівасці кадравай палітыкі і карпаратыўнай культуры кампаній-удзельніц, пра адкрытыя вакансіі і праграмы стажыровак.
Мэта мерапрыемства - дапамагчы будучым выпускнікам факультэта зарыентавацца ва ўмовах сучаснага рынка працы, даць прафесійныя парады і рэкамендацыі па пабудове кар’еры ў ІТ-бізнесе.
У Дні кар’еры возьмуць удзел ІТ-кампаніі: EPAM Systems, IntexSoft, SoftService, Itransition, АйТиБо, *instinctools (ТАА Сайтадром), Sam Solution, High Tech Computer (HTC), Music Lab.
Таксама ў гэты дзень адбудуцца SW Start.v2012 - заключны тур адкрытага конкурсу ІТ-праектаў студэнтаў; кірмаш вакансій - стэндавая сесія (прэзентацыі, рэкламныя матэрыялы) ІТ-кампаній, міні-гутаркі з HR-менеджэрамі; сустрэча з намеснікам дырэктара Парка высокіх тэхналогій Аляксандрам Марцінкевічам, які прадставіць інфармацыю пра магчымасці парка ў галіне інфармацыйных тэхналогій для студэнтаў старэйшых курсаў і выпускнікоў ВНУ, запатрабаванні і патрабаванні да кадраў з боку кампаній-рэзідэнтаў парка.
Менеджэр па персанале кампаніі НТС Belarus Інэса Клімава і распрацоўшчык мабільных дадаткаў Аляксандр Наліўко выступяць з дакладам: “НТС у Беларусі: шлях да распрацоўкі на сусветным узроўні”. High Tech Computer (HTC) - адзін з вядучых сусветных вытворцаў мабільных электронных прылад адкрыў у Парку высокіх тэхналогій свой цэнтр распрацоўкі ў 2010 годзе. Дакладчыкі распавядуць аб гісторыі развіцця кампаніі ў Беларусі, прадставяць бягучыя праекты кампаніі, а таксама ўнікальныя магчымасці для кар’еры ў галіне ІТ для студэнтаў.
Пачатак мерапрыемстваў - у 13.00 у галоўным корпусе ГрДУ імя Янкі Купалы (вул. Ажэшкі, 22).
Дні факультэта матэматыкі і інфарматыкі будуць праходзіць з 17 па 29 красавіка.
У праграме:
- акцыя “Факультэт матэматыкі і інфарматыкі ўшаноўвае сваіх герояў”;
- дабрачынныя акцыі “Бусляня”, “Падары дзіцяці цацку”, “Падары дзіцяці кніжку”;
- навукова-практычная канферэнцыя навучэнцаў сярэдніх навучальных устаноў і студэнтаў малодшых курсаў ВНУ “Ад Альфы да Амегі…”;
- абласны метадычны семінар выкладчыкаў інфарматыкі “Навукова-даследчая праца навучэнцаў па інфарматыцы”;
- круглы стол для выкладчыкаў матэматыкі, навуковых кіраўнікоў “Навукова-даследчая праца школьнікаў па матэматыцы: ад рэфератаў да даследаванняў”;
- сустрэча з супрацоўнікамі Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь і органаў унутраных спраў па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій;
- алімпіяда па крыптаграфіі і абароне інфармацыі;
- студэнцкая навуковая канферэнцыя - секцыі: “Аналітычная тэорыя дыферэнцыяльных ураўненняў”, “Алгебра, геаметрыя і методыка выкладання матэматыкі”, “Дыферэнцыяльныя ўраўненні і іх прыкладанні”, “Сучасныя інфармацыйныя камп’ютарныя тэхналогіі”;
- адкрыты чэмпіянат па кіберспорце;
- спартыўны дзень з удзелам каманд студэнтаў і выкладчыкаў;
- інтэлектуальныя гульні “Што? Дзе? Калі?” (студэнты - абітурыенты)
29 красавіка на факультэце матэматыкі і інфарматыкі правядуць Дзень адчыненых дзвярэй для школьнікаў.