На працягу некалькіх дзён у купалаўскім універсітэце адбудуцца святочныя імпрэзы, прысвечаныя Міжнароднаму Дню роднай мовы, які адзначаецца па ўсім свеце 21 лютага.
Пачаўся святочны марафон ужо сёння, 18 лютага, з адкрыцця выставы Народнага мастака Беларусі Уладзіміра Стэльмашонка “Жанчыны ў жыцці і творчасці Адама Міцкевіча”.
Выкладчыкі і студэнты ўніверсітэта змогуць наведаць шэраг тэматычных выстаў на розных факультэтах, якія будуць працаваць да 28 лютага. Сярод экспазіцый – “З любоўю да роднага слова”, “Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю”, “Роднай мовы пералівы”, “Родная крыніца”, “Пусть родная речь будет простой…”. На выставе “Смак беларускага слова” прадстаўлены творы замежных пісьменнікаў на беларускай мове, а з творамі беларускіх аўтараў на мовах свету можна пазнаёміцца на выставе “Мова – люстэрка нацыі”.
19 лютага ўсе жадаючыя прымуць удзел у творчай сустрэчы з лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі, культурным аглядальнікам выдавецкага дома “СБ.Беларусь сегодня” Людмілай Рублеўскай. Імпрэза адбудзецца ў межах супрацоўніцтва з Гродзенскай епархіяй.
Сярод мерапрыемстваў тыдня – прэзентацыі факсімільнага выдання кніг Бібліі, выдадзеных Францыскам Скарынам, і першага “Буквара”, якія пройдуць 20 лютага.
21 лютага ўсіх студэнтаў універсітэта ўпершыню аб’яднае агульнаўніверсітэцкая Купалаўская дыктоўка, якая пачнецца ў 11.40 ва ўсіх карпусах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
У гэты дзень таксама будзе арганізавана акцыя “Роднае слова з вуснаў ліецца” з удзелам студэнтаў-замежнікаў, майстар-клас па вывучэнні туркменскай мовы і майстар-клас па вывучэнні беларускай мовы для замежных студэнтаў.
Святочныя імпрэзы пройдуць і на філалагічным факультэце. Сярод іх – мерапрыемства “Магутнае слова, ты, роднае слова!”, імпрэза “Сёння ў нашай хаце свята…”, у праграме якой выступленне вучняў СШ № 32 г. Гродна “У любімай мове, роднай, наскай, ах, якія словы: «Калі ласка!..»”. Удзельнікі мерапрыемства змогуць пачуць духоўныя песні ў выкананні студэнтаў і выпускнікоў філалагічнага факультэта. Свае таленты прадэманструюць і студэнты-замежнікі. Маладыя творцы і майстры паэтычнага слова выступяць падчас мерапрыемства “З паклонам да роднага слова…”.
Падрабязней з раскладам мерапрыемстваў можна азнаёміцца ў дадатку.