У ГрДУ імя Янкі Купалы прэзентацыя выдання адбылася 23 красавіка ўпершыню сярод вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, у Гродзенскай вобласці – сярод рэгіёнаў краіны.
Прэзентавалі выданне акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч, намеснік дырэктара па навуковай працы Інтытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза, загадчык цэнтра Інстытута гісторыі НАН Беларусі Валянцін Голубеў, рэктар Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі Марат Жылінскі.
На прэзентацыю былі запрошаны прадстаўнікі Гродзенскага аблвыканкама, выкладчыкі і студэнты ўніверсітэтаў Гродна, педагогі школ, кіраўнікі ўстаноў і арганізацый.
Адкрываючы мерапрыемства, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка адзначыла:
– Прэзентацыя кнігі адбываецца ўпершыню ў навучальных установах Рэспублікі Беларусь. З першых вуснаў, вуснаў аўтараў, мы маем магчымасць даведацца, якая канцэпцыя была пакладзена ў аснову напісання кнігі, што асаблівае ёсць у гэтым выданні, чаго не было напісана раней. А самае галоўнае – мы маем магчымасць задаць пытанні, якія цікавяць, аўтарам.
Акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя падкрэсліў:
– «История белорусской государственности» – гэта вынік працы вучоных-гісторыкаў усёй нашай краіны. У манаграфіі мы не кажам аб гісторыі Беларусі, мы кажам пра гістарычныя этапы фарміравання нашай дзяржаўнасці ад вытокаў і да сённяшняга дня. Упершыню зроблена такая спроба, і я лічу яе паспяховай.
У сваёй прамове ён падзякаваў усім навукоўцам ГрДУ імя Янкі Купалы, якія прымалі ўдзел у стварэнні кнігі, і дадаў:
– Купалаўскі ўніверсітэт стане базай для правядзення штогадовых навуковых канферэнцый па асэнсаванні гістарычнага шляху пад назвай “Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі”. Гэта патрэбна для таго, каб мы ў будучым маглі стварыць найбольш поўнае выданне гісторыі Беларусі.
Пра сутнасць і асноўныя палажэнні канцэпцыі гісторыі беларускай дзяржаўнасці, прэзентуючы кнігу, расказаў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч.
Прысутныя ў зале мелі магчымасць задаць пытанні аўтарам. Адказваючы на адно з іх, Аляксандр Каваленя адзначыў, што кніга накіравана на фарміраванне патрыятычных пачуццяў і міжкультурнае супрацоўніцтва. Гэта гісторыя, якая напісана сэрцам і душой беларускага народа.
Напрыканцы мерапрыемства Аляксандр Каваленя перадаў у навуковую бібліятэку ГрДУ імя Янкі Купалы два тамы выдання, дзе пакінуў подпіс: “З вялікай увагай і ўдзячнасцю выкладчыкам і студэнтам Універсітэта”. А ў Кнізе ганаровых гасцей ГрДУ імя Янкі Купалы ён напісаў: “Я ўражаны той увагай і клопатам, які робіцца дзеля захавання памяці аб тых, хто сее добрае, разумнае, вечнае. Гэта сапраўдны пантэон – духоўны скарб Універсітэта. Дзякуй за вялікую працу па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны”.
Трэба адзначыць, што «История белорусской государственности» – калектыўная манаграфія вучоных Інстытута гісторыі НАН Беларусі, прадстаўнікоў БДУ, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова, ГрДУ імя Янкі Купалы. Сярод аўтараў кнігі – рэктар купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка, а таксама доктар гістарычных навук, прафесар ГрДу імя Купалы Дзмітрый Караў.
У першым томе кнігі вучоныя прааналізавалі працэсы першапачатковага засялення тэрыторыі Беларусі, разгледзелі першыя гістарычныя формы беларускай дзяржаўнасці. Паказаны асаблівасці стану беларускіх зямель у ВКЛ і Рэчы Паспалітай, барацьба палітычнай эліты беларускага этнасу за дзяржаўны суверэнітэт у XVI-XVIII стагоддзях.
Другі том прысвечаны перыяду, калі беларускія землі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. У кнізе глыбока і ўсебакова ахарактарызаваны дзяржаўна-прававы статус беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі, разгледжаны асаблівасці і этапы фарміравання беларускай нацыі, вызначаны змест беларускай нацыянальнай ідэі.
Кнігі выйшлі ў выдавецтве “Беларуская навука” і ўжо з’явіліся на паліцах кнігарняў.
Калектыўная манаграфія разлічана на шырокае кола чытачоў: прафесійных гісторыкаў, выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў і сярэдніх школ, студэнцкую моладзь, рэкамендуецца для выкарыстання ў навукова-даследчай працы і навучальным працэсе.
Усяго плануецца выдаць пяць тамоў. У трэцяй кнізе будзе адлюстравана гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў 1917-1939 гадах, у чацвёртай – перыяд Другой сусветнай і Вялікай айчыннай войн і пасляваеннага аднаўлення. Пяты том раскажа аб падзеях з 1954 года да сучаснасці.