Прафесарскі сход - калегіяльны орган, які будзе надзейным партнёрам і памочнікам у вырашэнні ключавых пытанняў ва ўніверсітэце. Рашэнне аб яго стварэнні прыняла рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Пасяджэнне прайшло ў фармаце канструктыўнага дыялогу і было накіравана на выпрацоўку рэкамендацый для далейшага развіцця ўніверсітэта.
Як адзначыла Ірына Фёдараўна, прафесарскі склад - гэта залатыя розумы нашага ўніверсітэта, якія могуць унесці каштоўныя прапановы па развіццю і ўдасканаленню ГрДУ імя Янкі Купалы.
На пасяджэнні абмяркоўваліся важныя пытанні, напрыклад, прыцягненне моладзі да навукі, павелічэнне колькаснага складу прафесарскага корпуса, развіццё навуковых магутнасцей універсітэта.
Навука - падмурак для развіцця і ўдасканалення адукацыі. Укараненне найноўшых навуковых дасягненняў і даследаванняў у навучальны працэс садзейнічае павышэнню якасці адукацыі і падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў.
Універсітэцкая навука не толькі развівае інтэлектуальны патэнцыял студэнтаў і выкладчыкаў, але і садзейнічае ўмацаванню рэпутацыі навучальнай установы як цэнтра навуковых адкрыццяў і інавацый.
Гэтае пасяджэнне стала важным крокам да ўмацавання патэнцыялу ўніверсітэта і падкрэсліла значнасць прафесарскай супольнасці ў фарміраванні стратэгіі развіцця і ўдасканалення ГрДУ імя Янкі Купалы.
У рамках першага пасяджэння быў абраны старшыня прафесарскага сходу. Па выніках галасавання ім стала рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка, сакратаром быў абраны дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Віктар Белазаровіч. Намеснік быў прызначаны загадам, ім стала прарэктар па навуковай рабоце Наталля Башун.