На факультэце эканомікі і кіравання адбылася сустрэча студэнтаў 1 курса з паспяховымі выпускнікамі – Андрэем Болтрыкам, кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, і Дзмітрыем Краскоўскім, намеснікам Старшыні праўлення ААТ «Беларусбанк».
Сустрэчу адкрыла дэкан факультэта Марына Карпіцкая, якая расказала аб мэтах, задачах і перспектывах падрыхтоўкі кадраў эканамічнага профілю на факультэце эканомікі і кіравання ў рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2021-2025 гады, узаемадзеяння з заказчыкамі кадраў у рамках работы Кардынацыйнага Савета ФЭУ і Клуба выпускнікоў. Падзякавала гасцям за актыўнае супрацоўніцтва ў рамках падрыхтоўкі, працаўладкавання выпускнікоў, арганізацыю праходжання практыкі і выканання курсавых і дыпломных работ па матэрыялах прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі Гродзеншчыны.
Падчас прамых зносін з актыўнай і зацікаўленай студэнцкай аўдыторыяй Андрэй Болтрык адказаў на пытанні па прафесійным росце, асабістай мабільнасці. Цікавіліся рабяты і хобі, якія кнігі і фільмы паўплывалі на яго асабісты і прафесійны рост.
Дзмітрый Краскоўскі расказаў пра студэнцкія гады на факультэце, дарэчы, гэта быў першы выпуск ФЭУ па спецыяльнасці «Сусветная эканоміка», а таксама падзяліўся з рабятамі досведам педагагічнай дзейнасці на ФЭУ. Асаблівую цікавасць у студэнтаў выклікалі магчымасці, якія дае ААТ «Беларусбанк» маладым спецыялістам. Дзмітрый Рыгоравіч запрасіў выпускнікоў на вытворчую практыку з перспектывай далейшага працаўладкавання, адказаў на ўсе пытанні рабят.
Удзельнікі сустрэчы зрабілі фота на памяць з нашымі выпускнікамі, а можа для некага і з будучымі наймальнікамі!
Такія сустрэчы з выпускнікамі, прадстаўнікамі органаў улады, нашымі арганізацыямі-заказчыкамі кадраў з'яўляюцца не толькі цікавымі і карыснымі з пункту гледжання прафесійнай падрыхтоўкі, але і сведчаць аб тым, што выпускнікам заўсёды хочацца вярнуцца ў родную Alma mater, бо Купалаўскі ўніверсітэт стаў для многіх выпускнікоў іх лёсам.