У рамках тэматычнага дня адбыўся шэраг захапляльных падзей, якія дапамогуць абітурыентам зрабіць больш усвядомлены выбар будучай прафесіі. Акрамя таго, прайшла сустрэча з маладымі спецыялістамі і была падпісана новая дамова аб супрацоўніцтве. Усе падрабязнасці ў нашым матэрыяле.
На базе Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прайшоў Дзень абітурыента «Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі ў Купалаўскім універсітэце». Мерапрыемства было накіравана на знаёмства патэнцыйных абітурыентаў з магчымасцямі і прапановамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Рабяты і іх бацькі змаглі даведацца больш пра факультэты і спецыяльнасці Купалаўскага ўніверсітэта. Усе падрабязнасці госці даведваліся з першых вуснаў! Студэнты і выкладчыкі з задавальненнем і вялікай цікавасцю расказвалі аб працэсе навучання, перспектывах кар'ернага росту і студэнцкага жыцця.
Акрамя таго, дзякуючы кірмашу рабяты і іх бацькі маглі паразмаўляць з заказчыкамі кадраў і выбраць для сябе мэтавае навучанне. Даведацца пра падрабязнасці працаўладкавання можна было ў прадстаўнікоў такіх арганізацый як Упраўленне адукацыі Лідскага раённага выканаўчага камітэта; ААТ «Лакафарба» горада Ліда; УП «Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі», лакаматыўнае дэпо Ліда; ААТ «Будвектар»; ААТ «Будаўніча-мантажны трэст нумар 19»; Лідскі Дэпартамент аховы Міністэрства ўнутраных спраў; філіял «Лідскія электрычныя сеткі» РУП «Гроднаэнерга»; філіял «Лідскі хлебазавод» ААТ «Гроднахлебпрам»; ААТ «Шклозавод «Нёман»; ААТ «Лідаграпраммаш»; Лідскае гарадское ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі; ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Лідсельмаш»; ААТ «Лідахлебпрадукт»; філіял «Аўтобусны парк № 2 горада Ліда» ААТ «Гроднааблаўтатранс».
Дзякуючы ўрачыстаму канцэрту, на якім таленавітыя купалаўцы прадставілі свае нумары, школьнікі змаглі ўбачыць, што ўніверсітэт спрыяе ўсебаковаму развіццю студэнтаў. Бо місія ГрДУ імя Янкі Купалы - выявіць, раскрыць і рэалізаваць патэнцыял чалавека і ўніверсітэта ў прасторы міжкультурнага дыялогу.
«Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі ў Купалаўскім універсітэце» стварыў атмасферу цяпла і прыязнасці, натхняючы будучых абітурыентаў зрабіць крок да сваёй мары – паступленню ва ўніверсітэт і атрыманню якаснай адукацыі. Упэўненыя, што ўдзельнікі змаглі атрымаць максімум інфармацыі і натхнення для свайго будучага адукацыйнага шляху.
На кірмашы таксама праводзіліся дзелавыя мерапрыемствы. Адбылося падпісанне дамовы і праграмы супрацоўніцтва паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Лідскім раённым выканаўчым камітэтам. Рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка і старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Вярсоцкі змацавалі подпісамі ўжо існуючыя сяброўскія адносіны, што дало новы штуршок у развіцці супрацоўніцтва і пацвердзіла, што бакі глядзяць у адным напрамку. Пагадненне накіравана на развіццё адукацыйных праграм, сумесныя навуковыя даследаванні і ўдзел у сацыяльных праектах.
У гэты дзень у цэнтры ўвагі быў і Лідскі каледж ГрДУ імя Янкі Купалы. Выкладчыкі і навучэнцы прэзентавалі адукацыйныя магчымасці і дасягненні каледжа, з якімі азнаёміліся Ірына Кітурка і Аляксандр Вярсоцкі.
На выставе, праведзенай у каледжы, наведвальнікі змаглі ўбачыць шырокі спектр распрацовак і праектаў, створаных студэнтамі і выкладчыкамі ўстановы адукацыі. Наведвальнікі выставы мелі магчымасць азнаёміцца з тэхнічнымі дасягненнямі і крэатыўнымі праектамі. Напрыклад, робаты, прадстаўленыя на выставе, з'яўляліся яскравым прыкладам выкарыстання сучасных тэхналогій у адукацыі і даследаваннях, а таксама дэманстравалі патэнцыял для прымянення ў розных сферах жыцця і бізнесу. Былі прадстаўлены інтэрактыўныя гульні, распрацаваныя для навучання, якія акцэнтавалі ўвагу на сучасных тэхналогіях. Дыдактычныя распрацоўкі, уключаючы метадычныя дапаможнікі і навучальныя праграмы, накіраваны на паляпшэнне працэсу навучання.
Яркай падзеяй у Лідскім каледжы ГрДУ імя Янкі Купалы стала праца шматпрофільнай школы «Купалаўскі старт». Для дзяцей, якія вучацца ў інжынерных і педагагічных класах, правялі серыю займальных лекцый і захапляльных майстар-класаў.
Купалаўцы падрыхтавалі нестандартную праграму. Напрыклад, гісторыкі распавялі з чаго складаўся рацыён нашых далёкіх продкаў і як яны выжывалі ў суровых умовах, калі да першай лямпачкі былі мільёны гадоў. Філасофы падрыхтавалі для рабят трэнінг «Самапазнанне асобы». Заняткі дапамаглі моладзі зазірнуць унутр сябе, лепш зразумець ход думак і свае здольнасці, бо часам мы і не падазраём на якія вялікія справы здольныя. Навукоўцы Купалаўскага ўніверсітэта правялі майстар-класы па «3D-мадэляванні і машынабудаванні» і «Тэхналогіях дапоўненай рэальнасці», дзе ўдзельнікі атрымалі практычныя навыкі і новыя веды.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы імкнецца падтрымліваць сувязь з выпускнікамі, асабліва з маладымі спецыялістамі, дапамагаючы ім у адаптацыі на працоўных месцах. Таму нядзіўна, што Ірына Кітурка і Аляксандр Вярсоцкі сустрэліся з выпускнікамі-купалаўцамі, маладымі спецыялістамі Лідчыны.
У рамках сустрэчы ўдзельнікі абмеркавалі тэмы, звязаныя з магчымасцямі працаўладкавання для маладых спецыялістаў і перспектывамі іх прафесійнага развіцця ў рэгіёне. Абмяркоўвалася, якія магчымасці адкрываюцца перад выпускнікамі ўніверсітэта ў сферы працаўладкавання, а таксама якім чынам яны могуць прасоўвацца па кар'ернай лесвіцы і развіваць свае прафесійныя навыкі.
Удзельнікі сустрэчы з захапленнем дзяліліся сваімі ўражаннямі і думкамі, гаварылі аб тым, як атрыманыя веды і вопыт могуць паўплываць на іх будучую кар'еру. Абмен меркаваннямі і досведам дапамог лепш зразумець патрабаванні рынка працы і магчымасці маладых адмыслоўцаў. Гэтыя абмеркаванні спрыяюць фармаванню прафесійнага мыслення. Несумненна, падобныя сустрэчы садзейнічаюць умацаванню сувязей паміж адукацыйнымі ўстановамі і рынкам працы, што асабліва важна для развіцця моладзі ў раёне.
Насычаны падзеямі дзень быў карысны і цікавы для ўсіх яго ўдзельнікаў. Падобныя мерапрыемствы ўжо даўно сталі традыцыяй для Купалаўскага ўніверсітэта. Бо толькі ў атмасферы падтрымкі і ўзаемапавагі можна спакойна і паспяхова вучыцца, а таксама працаваць.