З кастрычніка па снежань 2024 г. адбылася серыя навучальных заняткаў, дзякуючы якім удзельнікі праекта пазнаёміліся з актуальнымі адукацыйнымі практыкамі і тэхналогіямі навучання. 43 выкладчыкі, якія працуюць на 28 кафедрах Купалаўскага ўніверсітэта, сталі ўладальнікамі электронных сертыфікатаў прафесійных кампетэнцый «Укараненне інавацый у галіне вучэбнай працы».
«У мінулых сезонах арганізатары праекту рабілі стаўку на мадэратараў з пула найбольш актыўных выкладчыкаў універсітэта. У гэтым сезоне адбыліся змены. У лік мадэратараў былі ўключаны запрошаныя педагогі з іншых устаноў адукацыі. Гэтае рашэнне аказалася цалкам апраўданым. «Адкрытае навучанне» атрымала дадатковыя крыніцы якаснага вопыту і арыгінальных ідэй. Усім мадэратарам праекта выказваем падзяку за адказную працу, прафесійны падыход да справы і пазітыўны настрой», – адзначыў Алег Каляга, загадчык лабараторыі адукацыйных інавацый.
З боку ўдзельнікаў праекта прагучалі думкі, што «Адкрытае навучанне» дапамагае ствараць і падтрымліваць высокія стандарты якасці адукацыйных праграм, праяўляць у рабоце са студэнтамі творчы падыход, а таксама свядома ўкараняць лепшыя трэнды сістэмы вышэйшай адукацыі.
На заключным занятку на пытанне «Як пазбегнуць прафесійнага выгарання?» займальна і жыццесцвярджальна адказала старшы выкладчык кафедры эксперыментальнай і прыкладной псіхалогіі Таццяна Парфёнава. На яе думку, выгаранне надыходзіць, калі «мы не бачым сэнсу ў сваёй рабоце, калі яна не адпавядае нашым каштоўнасцям, калі задачы занадта сумныя і нецікавыя». Таццяна Парфёнава прапанавала калегам практычныя рэкамендацыі па зніжэнні эмацыйнага напружання і папаўненню крыніц унутранай энергіі.
Арганізатары праекта плануюць запуск чарговага сезона ў лютым 2025 года і спадзяюцца на працяг канструктыўнага супрацоўніцтва педагогаў-інаватараў Купалаўскага ўніверсітэта.